Пратэрмінаваная вяндліна і размарожаная рыба: дзяржкантроль зазірнуў у «Святлафор» у Магілёве

Прадукцыя на вітрыне захоўвалася пры тэмпературы + 1°C замест неабходных -18°C.

26.04.2024 / 13:47

Фота: тэлеграм-канал КДК

Спецыялісты Камітэта дзяржкантролю Магілёўскай вобласці праверылі адну з крамаў «Святлафор» у абласным цэнтры. У выніку на сметнік выкінулі сотні кілаграм прадуктаў, піша Tochka.by.

Аб парушэннях у гандлі паведаміў неабыякавы жыхар горада. Прадстаўнікі КДК зазірнулі ў тую краму. Прыхапілі з сабой і спецыялістаў санітарнага нагляду. Скаргі мелі пад сабой падставы.

Што ў выніку выявілі?

У мясным аддзеле знайшлі 380 кг астуджанай свініны на костцы і 8,5 кг замарожаных галубцоў без патрабаванай заканадаўствам маркіроўкі. Гэта значыць не было інфармацыі пра дату вырабу, тэрмін прыдатнасці і гэтак далей.

Акрамя таго, выявілі амаль 14 кг варанай вяндліны з прамінулымі тэрмінамі прыдатнасці.

У рыбным аддзеле таксама меліся парушэнні. Больш за 20 кг марожанай прадукцыі знаходзілася ў вітрыне пры тэмпературы +1°C замест неабходных -18°C і ніжэй.

У выніку з крамы вывезлі больш за 400 кг прадукцыі — уся яна ўтылізаваная.

Што за такое пагражае?

Цяпер ідзе адміністрацыйны працэс. Яго вынікі абвесцяць пазней.

Але вядома, што за рэалізацыю тавараў са скончанымі тэрмінамі прыдатнасці краме пагражае штраф да 100 базавых велічынь, за парушэнні ўмоў захоўвання тавару і адсутнасць маркіроўкі — да 500 базавых велічынь.

Nashaniva.com