Памёр Мікалай Уласюк
У Брэсце памёр архітэктар, рэстаўратар, краязнаўца Мікалай Уласюк-старэйшы. Яму было 65 гадоў. Сумную навіну паведаміў яго сябар, піша «Еўрарадыё».
25.04.2024 / 21:14
Мікалай Уласюк, працуючы выкладчыкам у Брэсцкім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, выгадаваў у Брэсце не адно пакаленне архітэктараў-рэстаўратараў, і яго любілі студэнты. Ягоны сын, Мікалай Уласюк — цяпер галоўны архітэктар Брэста.
Уласюк-старэйшы ў жыцці ўпарта трымаўся свайго паклікання і цалкам аддаў сябе практыцы — працаваў у кампаніі «Брэстрэстаўрацыяпраект» са дня заснавання.
Акрамя таго, Мікалай Уласюк даследаваў архітэктурную гісторыю Брэста, выдаваў кнігі, у вольны час праводзіў аматарскія экскурсіі па Трышынскіх могілках. Ён працаваў над тым, каб гэтаму некропалю надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, і дабіўся таго: могілкі ўнеслі ў адпаведны спіс у 2016-м.
У канцы 2023 года Уласюк расказваў, што чарговая яго кніга прысвячаецца менавіта Трышыну. Ці паспеў ён яе скончыць — інфармацыі пакуль няма.
Хто і як знішчае гістарычны Брэст — расследаванне