Літва следам за Польшчай гатова дапамагчы Украіне вярнуць мужчын прызыўнога ўзросту

Аднак канкрэтныя захады літоўскія ўлады пакуль не разглядаюць

25.04.2024 / 15:19

Акцыя ў падтрымку Украіны ў Вільні

Літоўскія ўлады заявілі аб гатоўнасці дапамагчы Украіне ў вяртанні мужчын прызыўнога ўзросту. Раней аб такім заявілі ўлады Польшчы.

Як сказаў міністр абароны Літвы Лаўрынас Кашчунас, канкрэтныя захады літоўскія ўлады пакуль не разглядаюць і будуць сачыць за тым, як будзе дзейнічаць Польшча, піша Бі-бі-сі.

«Напрамак правільны. У якія меры гэта пераўтворыцца, мусіць, пакуль цяжка сказаць. Мабыць, пра гэта трэба будзе казаць канкрэтна», — сказаў Кашчунас.

МЗС Украіны на гэтым тыдні аб'явіла аб спыненні афармлення дакументаў за мяжой грамадзянам Украіны ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў. Гэты крок звязаны з прынятым нядаўна ва Украіне новым законам аб мабілізацыі.

Па ацэнцы статыстычнай службы Еўрасаюза, у студзені 2024 года ў краінах ЕС знаходзіліся каля 4,3 млн грамадзян Украіны, у тым ліку каля 860 тыс. мужчын.

Nashaniva.com