«Забівае па казулі кожныя 6 дзён». Ведамства Шуневіча заўважыла сярод драпежнікаў яшчэ аднаго канкурэнта для паляўнічых
Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў папярэдзіла, што ў Беларусі некантралявана расце папуляцыя рысяў. У 1993 годзе колькасць гэтага віду складала ўсяго 400—450 асобін, што стала прычынай яго ўнясення ў Чырвоную кнігу. Але летась па Беларусі ўжо налічылі 1682 рысяў, больш за ўсё іх жыве ў Мінскай, Віцебскай і Гомельскай абласцях. І ў гэтым праблема.
23.04.2024 / 18:23
Фота ілюстрацыйнае
БТПР сцвярджае:
«Рысь з'яўляецца высокаспецыялізаваным драпежнікам і сілкуецца толькі свежым мясам, запасаў не робіць. Разавае спажыванне ежы рыссю невялікае — 400—900 г, максімум — 1200 г (аднаго зайца-русака самка з 2 дзіцянятамі з'ядае прыкладна на 2/3). Выпадкаў вяртання да сваёй здабычы пасля першага харчавання практычна не зафіксавана. Аснову яе ежы складаюць казулі, зайцы, рабчыкі, вавёркі, цецерукі і глушцы. Аднак былі зафіксаваныя выпадкі здабычы рыссю аленяў і ласёў гэтага года з позняга цялення».
А паколькі «рысь жыве досыць асела, на сваім паляўнічым участку яна аказвае значны ўплыў на папуляцыі паляўнічых відаў. Пры правядзенні назіранняў было ўстаноўлена, што дарослы самец рысі забіваў у сярэднім 1 казулю кожныя 6 дзён, а дарослая самка з двума кацянятамі — па 1 казулі кожныя 4-5 дзён».
Нягледзячы на тое, што рысь паводзіць сябе вельмі асцярожна і імкнецца не трапляцца на вочы чалавеку, цяпер нярэдкія выпадкі сустрэчы работнікаў БТПР і іншых паляўнічых з гэтым зверам, адзначылі ў арганізацыі, падкрэсліўшы, што «рысь усё часцей сталі заўважаць на дарогах і ў населеных пунктах».
«Падсумоўваючы сказанае: колькасць рысі расце, што ў сваю чаргу адбіваецца на зніжэнні колькасці папуляцый паляўнічых відаў. Найбольш аптымальным рашэннем гэтай праблемы лічым уключэнне гэтага віду дзікіх жывёл у пералік нармаваных відаў паляўнічых жывёл і арганізацыю на яго палявання», — адзначылі ў БТПР.
Там лічаць, што ўключэнне рысі ў пералік нармаваных відаў паляўнічых жывёл «дазволіць праводзіць на яе паляванне толькі па дазволах, пры гэтым памер канфіскацыі будзе невялікі, а паляванне будзе арганізоўвацца толькі ў месцах найбольшай канцэнтрацыі гэтага віду».
Акрамя рысі, БТПР і асабіста ягоны кіраўнік, былы міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, ужо некалькі гадоў праводзяць настойлівую кампанію за выключэнне з Чырвонай кнігі і ўключэнне ў лік паляўнічых відаў на тэрыторыі Беларусі бурага мядзведзя. Таксама Шуневіч выказваўся за тое, каб пачаць паляваць на буслоў, журавоў і лебедзяў. Маўляў,
«калі б папуляцыю лебедзяў і буслоў хоць трохі прарэдзілі, то гэта б пайшло толькі на карысць усім астатнім водна-балотным і лугавым відам жывёл».
Харызматычны драпежнік нашых лясоў. Таямніцы беларускай рысі
У Гомелі да перадвыбарчай мабілізацыі падключылі нават рысь
У Беларусі створаць новую Чырвоную кнігу і выключаць з яе некаторыя віды
У Беларусі значна павялічылася колькасць выпадкаў гібелі капытных у ДТЗ, за адны суткі — 33 жывёліны