Заходнім інвестарам абмежавалі атрыманне прыбытку і дывідэндаў у Беларусі

Савет міністраў прыняў пастанову нумар 299 аб прымяненні спецыяльнай абмежавальнай меры адносна грамадзян і арганізацый з так званых «недружалюбных» краін.

23.04.2024 / 08:31

Дакумент устанаўлівае абмежаванні на выплату дывідэндаў замежным уласнікам маёмасці юрыдычных асоб Беларусі. 

Беларуская юрыдычная асоба зможа выплачваць сваім замежным удзельнікам і ўласнікам маёмасці размеркаваны прыбытак або налічаныя дывідэнды толькі з дазволу аблвыканкама або Мінгарвыканкама пры выкананні гэтай юрыдычнай асобай шэрагу крытэрыяў. 

Абмежаванні прымяняюцца ў тым выпадку, калі сума выплачаных на працягу года прыбытку і дывідэндаў перавышае ў сукупнасці на ўсіх замежных удзельнікаў, уласнікаў маёмасці 80 тысяч базавых велічынь (на цяперашні момант гэта 3,2 млн рублёў) або эквівалент гэтай сумы ў замежнай валюце па афіцыйным курсе Нацбанка Беларусі.

Каб атрымаць прыбытак і дывідэнды, трэба адпавядаць шэрагу крытэраў — ад узроўню заробку да запазычанасцяў у ФСАН. 

У спісе недружалюбных краін, удакладняецца ў дакуменце, — дзяржавы ЕС, Аўстралія, Канада, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Новая Зеландыя, Албанія, Ісландыя, Паўночная Македонія, Вялікабрытанія, ЗША, Чарнагорыя і Швейцарыя.

Пастанова набудзе моц 24 красавіка і будзе дзейнічаць да 31 снежня 2025 года.

Інфляцыя ў Літве — 0,4%, у Польшчы — 2,7%. У Беларусі пакуль 5,6%

Беларусь знайшла партнёра ў Афрыцы. Гэта манархія, дзе ў караля 15 жонак

Эканаміст Крук: Да 90% беларускага экспарту завязана на Расіі

Nashaniva.com