Порт для Беларусі ў Мурманску будзе будаваць былы дырэктар «Белшыны», якога год таму арыштоўвалі
Расійскія медыя сёння паведамілі пра пагадненне аб будаўніцтве беларускага парта на расійскай поўначы, падпісанае губернатарам Мурманскай вобласці Андрэем Чыбісам і гендырэктарам расійскай кампаніі з беларускімі каранямі «Марскі тэрмінал «Вароты Арктыкі» Андрэем Бунаковым. Выданне Reform.by пазнала ў апошнім былога дырэктара «Белшыны», пра якога крыху больш за год таму Лукашэнка гаварыў як пра арыштаванага за карупцыю.
22.04.2024 / 16:45
14 лютага 2023 года Лукашэнка паведаміў пра арышт гендырэктара «Белшыны» і зладзіў разнос чыноўнікам, якія спрабавалі за яго заступацца.
«Ён [Пархомчык] мне тэлефануе, кажа: «Такі быў добры, пасадзілі». Галоўчанка следам, Качанава трэцяя. Ну так што. Атрымліваецца так: гэта наш, гэты адказваць не павінен, а гэты бчбшнік — у турму яго. Не, хлопцы. Для ўсіх закон аднолькавы і правілы аднолькавыя. Асабліва тут», — сказаў тады Лукашэнка.
Пераканацца ў тым, што ў Мурманску быў сёння менавіта той Бунакоў, можна, паглядзеўшы на фота, якое апублікавала Міністэрства інфармацыйнай палітыкі Мурманскай вобласці. Мужчына ў пінжаку і белай кашулі без гальштука — Андрэй Бунакоў.
Фота: прэс-служба ўрада Мурманскай вобласці
ТАА «Марскі тэрмінал «Вароты Арктыкі» са статутным капіталам 180 млн расійскіх рублёў было зарэгістравана 1 красавіка 2024 года па адрасе Мурманская вобласць, Кольскі р-н, нп Мішукова, д. 19, паверх 1 памяшк. 50.
Уладальнікамі расійскай кампаніі выступаюць грамадзянка Беларусі Малярова Нэлі Барысаўна (ёй належыць 1%) і ТАА «Лагістык Энэрджы» (99%). Пры гэтым 100% «Лагістык Энэрджы» належыць усё той жа Маляровай, пра якую больш нічога невядома.
Беларусь пабудуе ў Мурманску порт для перавалкі грузаў магутнасцю 25-30 млн тон
Арыштавалі генеральнага дырэктара «Белшыны»
Нявестка Лукашэнкі зганяла ў Маскву за дыпломам «Шансон года» ўрадавым бортам