«Пасля адмены запуску на твары Марыны Васілеўскай было расчараванне»
Намеснік начальніка ўпраўлення аэракасмічнай дзейнасці Акадэміі навук Іван Буча расказаў, як выглядала першая беларуская касманаўтка пасля тэхнічнага збою.
21.04.2024 / 21:16
«Экіпаж знаходзіўся ў караблі, які быў прыведзены ў поўную гатоўнасць да старту. Былі падлучаныя ўсе сістэмы жыццезабеспячэння касманаўтаў, падлучаныя і правераны ўсе сістэмы карабля. Акрамя таго, ракета-носьбіт была прыведзена ў стан старту. Вядома, усе былі гатовыя да таго, што ракета стартуе. Эмацыйны стан касманаўтаў і тых, хто праводзіць дайшоў да піку. І на гэтым піку старт быў адменены», — расказаў Іван Буча, намеснік начальніка ўпраўлення аэракасмічнай дзейнасці Акадэміі навук у праекце «У тэме» на ютуб-канале БелТА.
Ён нагадаў, па якой прычыне адмянілі старт ракеты-носьбіта. «На ракеце 12 акумулятараў. У іх павінна быць пэўная тэмпература, для чаго выкарыстоўваюцца датчыкі, якія ўключаюць і адключаюць сістэму астуджэння і падагрэву, каб падтрымліваць тэмпературу электраліта пастаяннай. Два датчыка выйшлі з ладу, таму здарыўся перагрэў акумулятараў. Каманда на пуск ужо была аддадзеная. Але аўтаматыка, праверыўшы сістэмы, выявіла, што напружанне ўпала. І таму прыкладна за 20 секунд да старту была дадзеная аўтаматычная каманда на спыненне пуску», — падкрэсліў ён.
Пасля адмены адразу прызначылі эвакуацыю экіпажа, на якую сышло каля гадзіны. «Я прымаў Марыну, калі яна спускалася з касмічнага карабля на ліфце. Твар быў спакойны, разгубленасці не было, але было нейкае расчараванне. Акрамя таго, праводзіліся даследаванні стану касманаўтаў, калі яны былі яшчэ ў касмічным караблі. І паказчыкі Марыны былі ў норме — і ціск, і пульс», — дадаў Іван Буча.
Гераіня Беларусі ці звычайная касмічная турыстка? Нюансы палёту ў космас Марыны Васілеўскай
Стала вядома, дзе ўсё ж вучылася касманаўтка Марына Васілеўская