Беларусь не атрымлівала ад Польшчы інфармацыі пра затрыманне беларуса па справе нападу на Волкава — МЗС

Пра гэта паведаміў прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства Анатоль Глаз праз дзень пасля гучных заяў у Літве і Польшчы.

20.04.2024 / 19:51

Міністэрства замежных спраў. Фота: Wikimedia Commons

«Мы не атрымлівалі ніякіх афіцыйных апавяшчэнняў ад польскага боку на гэты конт. Фармальна, акрамя нейкіх публічных выказванняў польскага кіраўніцтва, якім можна верыць — можна не верыць, нам пра гэта нічога невядома», — сказаў ён.

На паплечніка Аляксея Навальнага, экс-кіраўніка Фонда барацьбы з карупцыяй Леаніда Волкава напалі ў Вільні 12 сакавіка. Зламыснік разбіў акно ў машыне, распыліў слёзацечны газ і пачаў збіваць расійскага палітыка малатком. У Волкава была зламаная рука.

Напярэдадні стала вядома пра затрыманне двух падазраваных у Польшчы. У прэс-рэлізе цэнтральнага следчага ўпраўлення паліцыі Польшчы не раскрывалася грамадзянства затрыманых і не паведамлялася пра затрыманне грамадзяніна Беларусі.

Пракуратура Літвы заявіла, што двое грамадзян Польшчы былі затрыманыя ў Варшаве 3 красавіка. Дасудовае расследаванне для высвятлення ўсіх датычных да інцыдэнту асоб працягваецца.

Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што за нападам на Волкава стаіць грамадзянін Беларусі, які заказаў напад двум грамадзянам Польшчы. Паводле яго, ён затрыманы.

«Выпалім жалезам». Туск паведаміў, што напад на паплечніка Навальнага заказаў беларус

Падазраваныя ў нападзе на Волкава — грамадзяне Польшчы

У Польшчы затрымалі двух чалавек, якіх падазраюць у збіцці расійскага апазіцыянера Волкава ў Вільні

Nashaniva.com