Ціханоўская распавяла пра вынікі перамоў з прадстаўнікамі «Вялікай сямёркі»

На міністэрскім саміце G7 у Італіі ўпершыню была прадстаўлена Беларусь і яе інтарэсы. Лідарка дэмсіл Святлана Ціханоўская расказала пра вынікі сустрэч з прадстаўнікамі краін «Вялікай сямёркі».

18.04.2024 / 23:01

 Фота: офіс Ціханоўскай

Ціханоўская адзначыла, што сёння, 18 красавіка, сустракалася з міністрамі замежных справаў «Вялікай Сямёркі».

 «Мая мэта тут — вярнуць Беларусь у міжнародны парадак дня, каб міжнародная супольнасць адрознівала беларускі рэжым ад народа, а ізалюючы Лукашэнку — не ізалявала беларусаў. Я заклікала міністраў працягваць падтрымку нашай грамадзянскай супольнасці і медыяў. Распавяла пра лёсы нашых палітвязняў, у тым ліку Марыі Калеснікавай, Алеся Бяляцкага, і што такое інкамунікада. Мы гаварылі пра прыцягненне рэжыму да адказнасці, не толькі за вайну супраць Украіны, але і за рэпрэсіі супраць беларусаў. 

І безумоўна, падымала пытанне абароны нашай незалежнасці — Беларусь не павінна стаць суцяшальным прызам для Пуціна. Беларусь мусіць быць еўрапейскай, свабоднай, незалежнай і дэмакратычнай дзяржавай», — распавяла Ціханоўская. 

З дзяржаўным сакратаром ЗША Энтані Блінкенам яна абмяркоўвала падтрымку для Украіны і Беларусі. 

«У гэтыя дні прымаецца важнае рашэнне аб дапамозе Украіне — і я спадзяюся, што яно будзе прынятае. Бо лёсы нашых краінаў — Беларусі і Украіны — узаемазвязаныя», — сказала яна. 

Паводле яе слоў, дзяржсакратара ЗША вельмі хвалюе лёс нашых палітвязняў, і ЗША прыкладваюць намаганні для іх вызвалення. 

З міністаркай замежных справаў Аналенай Бербок яны гаварылі пра падтрымку Германіяй незалежных медыяў, НДА, пра праграмы рэабілітацыі для палітвязняў.

 

 З міністрам замежных справаў Вялікабрытані Дэвідам Кэмеранам абмеркавалі магчымасці правядзення стратэгічных кансультацыяў з Вялікабрытаніяй, як гэта ўжо зроблена з ЗША. Ён распавёў пра сваю нядаўнюю сустрэчу з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці.

А з Вярхоўным прадстаўніком ЕС Жазэпам Барэлем абмеркавалі падтрымку для беларускай грамадзянскай супольнасці, а таксама праблемы беларусаў у выгнанні. 

«Я падзякавала за апошнія рашэнні ЕС па Беларусі, у прыватнасці падтрымліваць мабільнасць беларусаў і кантакты паміж людзьмі. Беларусам патрэбна больш візаў, больш стыпендыяў, больш кантактаў з еўрапейцамі.

Мы нядаўна правялі сустрэчу з прадстаўнікамі ЕС па тым, як зрабіць дапамогу ЕС для Беларусі больш эфектыўнай, для медыяў, грамадзянскай супольнасці, прыватнага бізнесу, які выехаў праз рэпрэсіі. Упершыню Еўрапейскі саюз выдзеліў грошы на папулярызацыю беларускай мовы і культуры. Я радая, што Жазэп Барэль амаль у кожным выступе згадвае, што будучыня Беларусі — у Еўропе», — распавяла Ціханоўская. 

Напрыканцы яна падзякаваць усім беларусам, якія працягваюць змагацца за перамены ў нашай краіне. «Ведайце, свабодны свет нас падтрымлівае. А я буду рабіць усё магчымае, каб пытанне Беларусі не сыходзіла з міжнароднага парадку дня», — сказала яна.

Nashaniva.com