Дзмітрый Баскаў — імаверны новы ўласнік гіганцкай сонечнай станцыі ў Чэрыкаве

«Носіцца па банках і шукае фінансаванне. Кажа, што справа вырашаная», — паведамляюць «Нашай Ніве» суразмоўцы з галіны.

18.04.2024 / 16:43

Самую магутную ў Беларусі сонечную станцыю на 109 МВт увялі ў эксплуатацыю ў 2021-м годзе ў Чэрыкаўскім раёне. Нядаўна з ёй здарылася гісторыя — яе забралі ва ўласніка, брытанскага інвестара Кіябода Тутаняна Машада, які цяпер думае судзіцца з беларускімі ўладамі.

Цяпер сама станцыя арыштаваная і выстаўленая на продаж. 

Трэба разумець агульны кантэкст, у якім адбываецца гісторыя. 

Ва ўсім свеце альтэрнатыўная энергетыка развіваецца пры масіўнай дзяржаўнай падтрымцы, якую можна ўмоўна падзяліць на тры тыпы:

— Падтрымка канцавога спажыўца (дзяржава дафінансоўвае сваімі грашыма куплю энергіі фізічнымі ці юрыдычнымі асобамі, як правіла, у памеры 30% ад сумы ўгоды да пэўнага ліміту магутнасці);

— Падтрымка дэвэлапера на этапе будаўніцтва (дзяржава прыкладна на 30% дафінансоўвае станцыю на этапе ўзвядзення, што стымулюе інвеставаць); 

— Падтрымка дэвэлапера праз павышаныя тарыфы выкупу вырабленай энергіі.

У Беларусі дзейнічаў трэці тып падтрымкі, які адмянілі ў 2022 годзе, калі ў бюджэце стала не хапаць грошай на такое — давялося затыкаць дзіркі ад страчаных экспартных прыбыткаў ва Украіну і Еўрасаюз.

Праз гэта многія замежныя інвестары страцілі інтарэс і пачалі выходзіць з гэтага бізнэсу, прадаючы свае станцыі з дысконтам.

Перад той жа дылемай аказаўся і Кіябод Тутанян Машад, але праблема была ў завышанай ацэнцы кошту станцыі, ад якой трэба лічыць дысконт.

Сам інвестар ацэньвае свае інвестыцыі ў $170 мільёнаў, што не зусім адпавядае рынкавым ацэнкам на падобныя аб'екты — некалькі суразмоўцаў «Нашай Нівы» з адпаведнай экспертызай у Еўрасаюзе і Беларусі ацэньваюць яе ў $90-100 мільёнаў.

З улікам таго, якога маштабу асобы ў Беларусі могуць дазволіць сабе падобныя пакупкі, арышт станцыі выглядае лагічным фіналам няўдалых перамоў.

Дзмітрый Баскаў

Па звестках «Нашай Нівы», атрыманых ад банкірскіх колаў, цяпер найбольш імаверны новы ўласнік станцыі — Дзмітрый Баскаў, набліжаны да сям'і Лукашэнкаў бізнэсовец і хакейны трэнер Колі. 

Аб пошуку грошай Баскавым на гэты вялікі і капіталаёмісты праект нам паведамілі некалькі суразмоўцаў з фінансавага сектару. «Носіцца па банках і шукае фінансаванне. Кажа, што справа вырашаная», — сказаў інфармаваны суразмоўца. 

Расійскіх хакеістаў, якія кінулі на лёд уручаныя Баскавым прызы, прымусілі прабачацца

Як вальсіравалі Дзмітрый Баскаў і Наталля Эйсмант на навагоднім балі Лукашэнкі

Як забівалі Рамана Бандарэнку. Хроніка падзей

Nashaniva.com