Найлепшы футбаліст свету — 1994 аднавіў кар'еру ў 58 гадоў, каб згуляць з сынам

Былы форвард правёў апошні афіцыйны матч у кар'еры ў 2009-м за бразільскую «Амерыку», любімы клуб свайго бацькі.

17.04.2024 / 15:52

Рамарыа падчас карнавала ў Эйдховене ў 2019 годзе, дзе ўзышла яго зорка. Фота: VI Images via Getty Image

Рамарыа аднавіў кар'еру ў 58 гадоў у клубе «Амерыка» з Рыа-дэ-Жанейра, каб згуляць з сынам. Рамарыа з'яўляецца прэзідэнтам «Амерыкі», піша ESPN.

Былы форвард правёў апошні афіцыйны матч у кар'еры ў 2009-м менавіта за «Амерыку», любімы клуб свайго бацькі. У тым жа годзе ён стаў прэзідэнтам клуба, у 2010-м яго абралі ў ніжнюю палату Нацыянальнага кангрэса, а ў 2014-м — сенатарам.

Ягоны сын, 30-гадовы форвард Рамарыньё, нядаўна перайшоў у «Амерыку».

Рамарыа заявіў, што не плануе паўнавартасна ўдзельнічаць у чэмпіянаце (другі дывізіён штата), а «лепш правядзе некалькі матчаў за каманду свайго сэрца і ажыццявіць яшчэ адну мару, гуляючы разам са сваім сынам».

Рамарыа (Рамарыа дэ Соўза Фарыя) нарадзіўся ў 1966-м у Рыа-дэ-Жанейра. Пачаў футбольную кар'еру ў «Васка дэ Гама», у 1988-м перабраўся ў Еўропу. Гуляў за нідэрландскі ПСВ (Эйндховен), «Барселону», «Валенсію», у 1997-м вярнуўся ў Бразілію, дзе гуляў за «Васка дэ Гаму», «Фламенга», «Флумінэнсэ» (усе каманды з Рыа-дэ-Жанейра), таксама гуляў за катарскі «Аль-Сад», аўстралійскую «Адэлаіду Юнайтэд», фларыдскі «Форт Лодэрдэйл», потым зноў вярнуўся ў «Васка дэ Гаму», але скончыў кар'еру ў «Амерыцы» з Рыа.

Рамарыа быў прызнаны найлепшым гульцом пераможнага для Бразіліі чэмпіянату свету 1994 года і ў тым жа годзе быў прызнаны найлепшым футбалістам года паводле версіі ФІФА.

На яго рахунку таксама Кубак Канфэдэрацый (1997), два Кубкі Амерыкі (1989, 1997) і срэбра Алімпіяды-1988, дзе ён стаў найлепшым бамбардзірам. Усяго ён адыграў за асноўную зборную 71 матч і забіў 55 галоў, а на Алімпіядзе забіў сем галоў у шасці гульнях.

Агонь у Дортмундзе і сенсацыя ў Барселоне: вызначыліся першыя паўфіналісты Лігі чэмпіёнаў

«Баер» з Леверкузэна ўпершыню ў сваёй гісторыі стаў чэмпіёнам Германіі па футболе

Жонка найлепшага футбаліста свету — 2007 развялася з ім, бо ён быў занадта ідэальны

Nashaniva.com