У Мінску скончылі рамонт першага паверха ГУМа. Пры ўваходзе размясцілі вялікі герб

Ад узнікнення ідэі да яе канчатковай рэалізацыі прайшло паўтара года. 

17.04.2024 / 14:59

У сталіцы рэалізавалі першы этап маштабнага праекта па мадэрнізацыі ГУМа: завершаны работы па абнаўленні першага паверха, пішуць «Мінск-навіны».

Фота: ГУМ

Над галоўным уваходам універмага з'явілася гіганцкая люстра. Ад узнікнення ідэі да яе канчатковай рэалізацыі прайшло паўтара года. Пры гэтым усе гістарычныя элементы будынка захаваліся, гарманічна ўпісаўшыся ў сучасную стылістыку інтэр'еру.

Фота: ГУМ

На першым паверсе ГУМа размясціліся секцыі касметыкі, галантарэі і ювелірных вырабаў, знайшлося месца і для сучаснага гастранома з таварамі паўсядзённага попыту і невялікай кавярні. Пакупнікі могуць самастойна азнаёміцца са ўласцівасцямі і складам прадукцыі.

Фота: ГУМ

Атмасферу ствараюць новае штучнае асвятленне і дэкаратыўныя аконныя панэлі. Светлыя і цёплыя адценні інтэр'еру ўпісаны ў агульную канцэпцыю гістарычных элементаў дэкору ўнівермага.

— Захаванне асаблівасцяў інтэр'еру гандлёвай залы было абавязковым патрабаваннем у ахоўным пашпарце будынка і стала выклікам для ўсіх удзельнікаў будаўнічага працэсу — ад праекціроўшчыкаў да маляроў. Лічым, што з гэтай задачай мы паспяхова справіліся. А яшчэ нам удалося ўлічыць галоўныя пажаданні нашых пакупнікоў, — распавялі супрацоўнікі ГУМа.

Фота: ГУМ

Таксама ва ўнівермагу запрацаваў другі ліфт, з'явілася вялікая камера захоўвання каля галоўнага ўваходу, адкрыліся абноўленыя ювелірная, гадзіннікавая і гравёрная майстэрні, з'явіўся дадатковы санвузел, швейная майстэрня, пункт абмену валюты, кавярня і многае іншае.

Фота: ГУМ

У планах кіраўніцтва ў найбліжэйшыя два гады цалкам мадэрнізаваць другі і трэці паверхі, а таксама культавую сталовую ўнівермага.

Nashaniva.com