Пытанне, ці з'яўляецца Марына Васілеўская прафесійнай касманаўткай, праясніў «Раскосмас»
Апошнім часам у сувязі з палётам беларускі Марыны Васілеўскай у космас многія эксперты, журналісты і іншыя грамадзяне задаюцца пытаннем — можна гэтую жанчыну лічыць прафесійнай касманаўткай, ці яна проста касмічная турыстка? Здаецца, канчатковую кропку ў гэтым пытанні ставіць інфармацыя, адшуканая «Люстэркам» на сайце «Раскосмасу».
16.04.2024 / 21:49
Склад экіпажа «ЭП-21». Марына Васілеўская-удзельнік касмічнага палёту. Скрыншот сайта gctc.ru
Марына Васілеўская перад сваім палётам на МКС даволі працяглы час правяла ў Цэнтры падрыхтоўкі прафесійных касманаўтаў «Раскосмасу». Гэтая ўстанова, як зразумела з назвы, займаецца арганізацыяй «адбору і падрыхтоўкі касманаўтаў (астранаўтаў)».
На сайце цэнтра ёсць раздзел «Экіпажы на падрыхтоўцы». У ім — спіс людзей, якія рыхтуюцца паляцець у космас. Нягледзячы на тое, што Марына Васілеўская і Алег Навіцкі ўжо вярнуліся з арбіты, інфармацыя пра іх дагэтуль ёсць у гэтым раздзеле.
У спісе членаў асноўнага экіпажа ЭП-21 насупраць імя Марыны Васілеўскай стаіць абрэвіятура УКП, што значыць «удзельнік касмічнага палёту». Яна ж пазначаная насупраць імя Анастасіі Лянковай — дублёркі Васілеўскай.
Пасада Алега Навіцкага расшыфроўваецца як «камандзір экіпажа», а Дайсан Трэйсі — «бортінжынер экспедыцыі МКС».
Чаму абрэвіятура УКП важная? Таму што менавіта яе «Раскосмас» выкарыстоўвае для пазначэння касмічных турыстаў.
Так, у маі 2021 года прэс-служба цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў паведамляла пра зацвярджэнне складаў экіпажаў Міжнароднай касмічнай станцыі з 2021 па 2023 гады. Акрамя, уласна, прафесійных касманаўтаў у спісе былі актрыса Юлія Перэсільд і рэжысёр Клім Шыпенка. У паведамленні пазначалася, што яны — «удзельнікі касмічнага палёту для здымак эпізодаў мастацкага фільма пад працоўнай назвай «Выклік».
У снежні таго самага года ЦПК інфармаваў пра паспяховы запуску ракеты-носьбіта «Саюз-2.1а». Адзначалася, што ўпершыню ў склад экіпажа, акрамя касманаўта «Раскосмаса» Аляксандра Місуркіна, уваходзілі два ўдзельнікі касмічнага палёту: японскі прадпрымальнік Юсаку Маэзава і ягоны памочнік Ёза Хірана. Асобна паведамлялася, што яны «сталі адпаведна восьмым і дзявятым турыстамі, якія наведалі МКС».
Разам з тым, удзельнікамі касмічнага палёту могуць быць не толькі турысты, але і інжынеры, навукоўцы, выкладчыкі, кінематаграфісты, журналісты, «удзельнікі камерцыйных, навуковых і іншых праграм», а таксама члены касмічных агенцтваў з дзяржаў, якія не з'яўляюцца краінамі — партнёрамі МКС. Гэта ўказана ў дамове аб Міжнароднай касмічнай станцыі.
Але Марына Васілеўская наўрад ці падыходзіць пад якую-небудзь з катэгорый, акрамя турыстычнай і членскай: навукоўцам яна не з'яўляецца (жанчына завочна вучылася на менеджара-эканаміста), пра яе таленты ў інжынернай справе, выкладанні, кінематографе і журналістыцы таксама нічога не вядома.
Не вядома, як менавіта было аформленае знаходжанне беларускі на МКС і хто за яго плаціў.
Але ў заключэнне ёсць цікавы факт: у 2007 годзе Расія запускала ў космас першага чалавека з Малайзіі — шэйха Музафара Шукора («Раскосмас» таксама назваў яго ўдзельнікам касмічнага палёту). Здарылася гэта ў рамках дамовы, паводле якой Куала-Лумпур павінна была закупіць у Масквы 18 знішчальнікаў Су-30 на 900 мільёнаў даляраў.
Стала вядома, дзе ўсё ж вучылася касманаўтка Марына Васілеўская
Гераіня Беларусі ці звычайная касмічная турыстка? Нюансы палёту ў космас Марыны Васілеўскай
Пуцін таксама ўзнагародзіў Марыну Васілеўскую
Марыну Васілеўскую ўжо рыхтуюцца адліць у бронзе і граніце