Беларусь знайшла партнёра ў Афрыцы. Гэта манархія, дзе ў караля 15 жонак
Беларусь хоча ўсталяваць дыпламатычныя адносіны з Каралеўствам Эсваціні. Гэтае пытанне абмяркоўвалася на сустрэчы пасла ў ПАР Ігара Белага з каралём Эсваціні Мсваці III у Іаганэсбургу.
16.04.2024 / 15:34
Фота: МЗС
Бакі пагаварылі пра супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай і гуманітарнай сферах. Як паведамляе беларускае МЗС, Эсваціні асабліва зацікаўлена «ў прыцягненні беларускага вопыту і тэхналогій у галіне развіцця сельскай гаспадаркі і забеспячэння харчовай бяспекі афрыканскай краіны».
Нягледзячы на тое, што Эсваціні знаходзіцца вельмі далёка, яго палітычная сістэма можа быць вельмі блізкая новым партнёрам з Беларусі. Каралеўства — апошняя абсалютная манархія на афрыканскім кантыненце. Дзяржавай аднаасобна кіруе кароль Мсваці III з дапамогай указаў, ён жа прызначае прэм'ера і ўрад. Палітычныя партыі ў Эсваціні забароненыя яшчэ з 1970-х гадоў, у краіне дзейнічае пастаяннае ваеннае становішча.
Эсваціні (да 2018 года краіна насіла назву Свазіленд) — невялікая дзяржава без выхаду да мора, яна мяжуе з ПАР і Мазамбікам. Па плошчы каралеўства ў два з паловай разы меншае за Мінскую вобласці, у краіне жыве крыху больш за 1,2 мільёна чалавек.
Больш за палову жыхароў Эсваціні жывуць за рысай беднасці — менш чым на 1,25 даляра ў дзень. У гэтай краіне самы высокі ў свеце ўзровень захворвання на СНІД. Большасць насельніцтва занятая ў нізкаэфектыўнай натуральнай сельскай гаспадарцы на абшчынных землях. Палову ВУП, аднак, складае сфера паслуг.
Эканоміка Эсваціні максімальна завязаная на ПАР: на гэтую краіну прыпадае 65% экспарту і 75% імпарту. Многія мужчыны, каб утрымліваць сем'і, з'язджаюць працаваць у ПАР: грашовыя пераводы з гэтай краіны адыгрываюць важную ролю ў эканоміцы.
Рэзка кантрастуе з такім эканамічным фонам лад жыцця абсалютнага манарха. Мсваці III жыве ў 13 раскошных рэзідэнцыях, ён сабраў парк з дарагіх машын коштам у 500 тысяч даляраў. У год манарх і ягоная сям'я трацяць на сябе больш за 30 мільёнаў долараў дзяржбюджэту.
Сям'я, дарэчы, у Мсваці вялікая. Толькі паводле афіцыйнай інфармацыі, у 55-гадовага караля, які кіруе, дарэчы, ажно з 1986 года, 15 жонак, многіх ён запрыкмеціў на конкурсах прыгажосці. На сваіх спадарожніц Мсваці траціць мільёны даляраў, яны ездзяць на закупы ў Еўропу і ЗША, адпачываюць на элітных курортах. Многія, праўда, сутыкаюцца з хатнім гвалтам: некалькі жонак нават пакінулі краіну з-за эмацыйнага выгарання.
Зрэшты, Мсваці пакуль далёка да свайго бацькі: у папярэдняга караля тады яшчэ Свазіленда Сабхузы ІІ было 70 жонак і больш за 200 дзяцей.
Нядзіўна, што ў грамадстве Эсваціні збіралася незадаволенасць, якая выплюхнулася на вуліцы ў 2021 годзе. Трыгерам стала смерць студэнта каледжа пры загадкавых абставінах. Паліцыя заявіла, што ён загінуў у аварыі, аднак іншыя студэнты сцвярджалі, што яго забілі мясцовыя сілавікі. Адначасова частка дэпутатаў парламента запатрабавала дэмакратызацыі палітычнай сістэмы.
Пратэсты ў Эсваціні. Фота: Foto24 / Gallo Images via Getty Images
Па ўсёй краіне пачаліся масавыя пратэсты. Яны ўзмацніліся, калі кароль забараніў дастаўляць народныя петыцыі ў мясцовыя абшчынныя органы самакіравання. Мсваці прыцягнуў да разгону пратэстаў сілавікоў і войска. Паліцыянты ўжывалі светлашумавыя гранаты, газ, стралялі па пратэстоўцах баявымі патронамі. Затрыманых актывістаў збівалі і катавалі токам. Пратэстоўцы ў адказ на гвалт з боку сілавікоў палілі аўтамабілі, крамы і адміністрацыйныя будынкі. Улады адключалі інтэрнэт і мабільную сувязь.
Пратэсты працягваліся тры гады. Мсваці пры дапамозе гвалту і рэпрэсій удалося паступова задушыць народны рух. У студзені 2023 года ў сваім доме на вачах у жонкі і дзяцей быў забіты дэмакратычны лідар, былы палітвязень Тулані Масека, які ў свой час падаваў у суд на караля, а затым быў адной з галоўных фігур пратэсту супраць Мсваці. Улады забойства не расследуюць.
Рух за перамены, застаўшыся без аднаго з лідараў, вытхнуўся. Апошняя абсалютная манархія Афрыкі гэтым разам выстаяла.
Прэзідэнт Батсваны пагражае падарыць Германіі 20 000 сланоў
У Сенегале апазіцыянер выйграў прэзідэнцкія выбары праз 10 дзён пасля выхаду з турмы
У Ілана Маска раптам аб'явіўся «сын з Кеніі». Просіць грошай на «ўз'яднанне з бацькам»