Лукашэнка назваў 2023 год «амаль правальным» у сельскай гаспадарцы
Беларускія аграрыі летась недабралі больш за 1 мільён тон збожжа ўраджаю. Аляксандр Лукашэнка сёння праводзіць нараду па сельскай гаспадарцы.
16.04.2024 / 12:29
Гаворачы аб раслінаводстве, Лукашэнка канстатаваў, што вынік мінулага года амаль правальны: узровень 2022 года ўтрымаць не ўдалося.
Паводле яго слоў, сяляне не дабралі больш за 1 мільён тон збожжа, 63 тысячы тон агародніны, 10 тысяч тон ільновалакна.
Амаль кожная трэцяя сельгасарганізацыя атрымала ўраджайнасць ніжэй за 20 цэнтнераў з гектара.
Лукашэнка сказаў, што ва ўрадзе ва ўсім вінавацяць умовы надворʼя.
«Аднак трэба прама сказаць, пытанне не толькі ў надворʼі», — упэўнены Лукашэнка.
Паводле яго слоў, за апошнія гады на 25 працэнтаў павялічыліся плошчы, адведзеныя пад пшаніцу, але палова з іх непрыдатная для гэтай культуры. Гэта датычыцца ўсходніх і паўночных рэгіёнаў.
«Пры гэтым спецыялісты палічылі, што штогадовыя страты збожжа ад такіх агранамічных прыёмаў складаюць не менш як 450-500 тысяч тон», — сказаў ён.
Лукашэнка мяркуе, што пры належнай дысцыпліне, выкарыстанні высокапрадукцыйных сартоў раслін і парод жывёл, існуючых тэхналогіях і сёння можна працаваць у паўтара і нават у два разы больш эфектыўна.
«Задачы на 2024 год больш амбіцыйныя за ўчарашнія вынікі. Трэба вырабляць каля 10 мільёнаў тон збожжа, 5 мільёнаў тон цукровых буракоў і больш за мільён тон рапсу ў год», — паставіў задачу ён.
Лукашэнку зноў закарцела ліквідаваць пасярэднікаў
Лукашэнка прапанаваў закрываць кадравыя прагалы пенсіянерамі
Лукашэнка прызнаў, што беларуская прадукцыя саступае расійскай па якасці і цане