«Мама — не расказаць. Акно разбівала, думала выратаваць дзяцей». Падрабязнасці трагедыі ў Бярозаўскім раёне, дзе на пажары загінулі чацвёра дзяцей
У нядзелю пры пажары ў Бярозаўскім раёне ў вёсцы Ястрэбель загінулі чацвёра малых дзяцей ва ўзросце ад двух месяцаў да шасці гадоў. З агню змагла выратавацца толькі 37-гадовая маці і яе 4-гадовая дачка. Яны знаходзяцца ў бальніцы.
16.04.2024 / 09:37
Згарэлы дом. Фота: СТБ
Два званкі з розніцай усяго ў некалькі хвілін — спачатку на лінію 101 датэлефанаваўся сведка, следам і маці. Усё адбывалася на вачах суседкі Надзеі Максімаўны. Яна сабралася пакарміць курэй, калі пачула рэзкі хлапок. Следам — полымя і крык. Пажылая жанчына выйшла на дарогу і ўбачыла 4-гадовую малую, паведамляе СТБ.
«З веранды полымя ледзь не да гаража. Не падыдзеш. Я да дзяўчынкі падышла, кажу: «Хто цябе вывеў?» — «Я сама выбегла». Пытаюся: «Дзе астатнія?» — «Дома засталіся». А мама — не расказаць. Акно разбівала, думала выратаваць дзяцей», — кажа жанчына.
У гэты дзень стаяў моцны вецер. Полымя з веранды ў долю секунды перакінулася на дах. Драўляны дом успыхнуў як запалка.
Супрацоўнікі МНС аператыўна прыбылі да месца выкліку. У доме гаспадарыў агонь. Унутры ратавальнікі знайшлі целы загінулых чацвярых дзяцей ва ўзросце ад 2 месяцаў да 6 гадоў. На месцы пажару працавалі спецыялісты. Была аказана неабходная псіхалагічная дапамога сваякам загінулых дзяцей.
Па словах відавочцаў, агонь пачаўся на верандзе, а затым ахапіў увесь дом. Перакрыцці і дах цалкам знішчаны. Сцены захаваліся не цалкам. Што ж стала прычынай такой страшнай трагедыі, зараз высвятляюць спецыялісты.
У вёсцы Ястрэбель пражывае каля 200 чалавек. Усе адзін у аднаго навідавоку. Пацярпелая сям'я пераехала з Салігорска прыкладна год таму. Аднавяскоўцы пераконваюць, што была нармальная, не выпівалі, нічога кепскага. Мама знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку і ўвесь час прысвячала дзецям.
Сама сям'я з Салігорска. Бацька там працуе на шахтах. Быў у нядзелю, а 11-й гадзіне паехаў на працу назад. Трагедыя здарылася праз тры гадзіны.
Пацвярджае гэта і старшыня сельсавета. Старэйшая дзяўчынка рыхтавалася восенню ісці ў першы клас. Сям'ю дома наведвалі і сацыяльны педагог, і ўчастковы інспектар, і прадстаўнікі мясцовай улады.
«Я была сама ў гэтай сям'і. Мне вельмі спадабалася, у доме ўтульна, створаны для дзяцей усе ўмовы. Мама вельмі добразычлівая. Мясцовыя жыхары гаварылі аб гэтай сям'і добра», — кажа Вольга Шаўчэнка, старшыня сельсавета.
У Бярозаўскім раёне згарэў дом шматдзетнай сям'і. Чацвёра дзяцей загінулі
У Магілёўскім раёне згарэў падключаны ў разетку гіраскутар
На пажары ў Талачынскім раёне загінулі тры чалавекі