Жыхар Камянца перакрыў вуліцу калючым дротам, каб паскорыць рамонт дарогі
Дрэнны стан дарогі абярнуўся спрэчнымі захадамі, якія прыйшлося распачаць жыхару Камянца Андрэю для абароны свайго ўчастка ад падтаплення водамі.
16.04.2024 / 09:04
Фота: kamenec.by
Дом, у якім ён жыве, размешчаны на скрыжаванні вуліц Сяргея Вірко і Меліяратараў, піша мясцовае выданне kamenec.by.
Гады паўтара таму тут выконваліся работы па будаўніцтве размеркавальнага газаправода да квартала індывідуальнай жылой забудовы ў Камароўшчыне, і дарогу пасля сябе падрадная арганізацыя пакінула ў самым непрывабным стане.
Андрэй Мікалаевіч паказвае фатаграфіі затопленага двара, гаража і хлявоў: усё ў вадзе па калена — пасля моцных дажджоў вада з вуліцы ішла ў двары. Потым паказвае перапіску з рознымі інстанцыямі: там праблему прызнаюць і абяцаюць выканаць рамонт дарогі, як толькі з'явіцца магчымасць. Але час ідзе, а магчымасці ўсё не з'яўляюцца.
Фота: kamenec.by
Урэшце, каб засцерагчы сябе ад затаплення, чалавек за свае сродкі завёз, паводле яго слоў, 180 тон пяску, падняўшы такім чынам частку вуліцы, якая непасрэдна прымыкае да яго ўчастку. Пасярэдзіне вуліца па-ранейшаму не праезжая.
Натуральна, што машыны ў бок Камароўшчыны і назад пачалі ездзіць менавіта па гэтым сухім баку, разбіваючы і яе, што па зразумелых прычынах жыхароў дома не задавальняе.
Між тым участак вуліцы, пра які ідзе гаворка, знаходзіцца ў такім стане, што Камянецкая ЖКГ па ўзгадненні з ДАІ вырашыла наогул на час закрыць яго для руху. Каля двух месяцаў таму з абодвух бакоў яго перакрылі турнікетамі і ўсталявалі «цагліну» — знак, што праезд забаронены. Людзі маглі праходзіць, ровары таксама. Але потым, распавядае Андрэй, хтосьці перасунуў турнікет, і машыны зноў пайшлі напрасткі, бо аб'язджаць за квартал камусьці здалося далёка. А літаральна на днях хтосьці наогул перакуліў ўсю канструкцыю.
Фота: kamenec.by
Тады Андрэй перакрыў дарогу з дапамогай калючага дроту, павесіўшы яшчэ і самаробны плакат, папераджальны: аварыйна-небяспечны ўчастак, праход і праезд забаронены. Чым выклікаў зразумелую незадаволенасць у тых, хто прывык тут хадзіць.
Калі журналісты пад'ехалі, ля гэтага дроту стаялі дзве маладыя жанчыны і вельмі абураліся. Там, на Камароўшчыне, у кагосьці з іх будуецца дом, і жанчына з дзіцем часта ходзіць туды пешшу. Цяпер што, абыходзіць трэба за цэлы квартал? У выніку прыехала міліцыя і дала Андрэю строгае ўказанне: дрот зняць і праход для людзей і ровараў адкрыць.
Праблему абяцаюць вырашыць у самы бліжэйшы час.