Байдэн тэрмінова вяртаецца ў Вашынгтон для нарады па Блізкім Усходзе

ЗША і Ізраіль лічаць, што Іран можа бліжэйшым часам нанесці ўдар па Ізраілі.

13.04.2024 / 22:07

Джо Байдэн. Фота: Evan Vucci / AP

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн адпачываў у штаце Дэлавэр, але 13 красавіка (па амерыканскім часе) вернецца ў Вашынгтон, паведаміла прэс-служба Белага дома. Раней меркавалася, што ён вернецца толькі 14 красавіка.

Прычына — неабходнасць правесці кансультацыі з камандай па нацыянальнай бяспецы з нагоды падзей на Блізкім Усходзе.

ЗША і Ізраіль лічаць, што Іран можа бліжэйшым часам нанесці ўдар па Ізраілі ў адказ на забойства высокапастаўленых афіцэраў Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі ў выніку ізраільскай атакі на консульства Ірана ў Дамаску 1 красавіка.

13 красавіка іранскі спецназ захапіў у Армузскім праліве партугальскі кантэйнеравоз «MSC Aries», які належыць ізраільскаму бізнэсоўцу. 

Ізраіль і Іарданія закрываюць паветраную прастору. Аэрапорт Тэгерана спыніў сваю працу.

Авіяцыя Ізраіля патрулюе паветраную прастору краіны ва ўзмоцненым рэжыме, у паветры ўвесь час знаходзяцца дзясяткі самалётаў.

Чакаецца, што сёння ўначы Іран можа нанесці ўдар па Ізраілі і чакае магчымага ўдару ў адказ.

Nashaniva.com