Ціханоўская перадала былому прэм’еру Грэцыі архіўныя матэрыялы пра яго прадзеда-паўстанца 1863 года
Прадзед палітыка Зыгмунт Мінейка, які браў актыўны ўдзел у паўстанні Каліноўскага, нарадзіўся ў Беларусі.
12.04.2024 / 10:44
Святлана Ціханоўская і Георгіяс Папандрэу. Фота тут і далей: ОСЦ
Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 11 красавіка ў Афінах сустрэлася з былым прэм’ер-міністрам Грэцыі, патомным палітыкам Георгіясу Папандрэу, які з’яўляецца праўнукам аднаго з паўстанцаў 1863 года, паведаміў «Позірку» яе галоўны дарадца Франак Вячорка.
Прадзед палітыка Зыгмунт Мінейка, які браў актыўны ўдзел у паўстанні Каліноўскага, нарадзіўся ў Беларусі. Пасля здушэння паўстання быў высланы ў Сібір, а адтуль перабраўся ў Грэцыю, дзе браў удзел у барацьбе за незалежнасць.
«Ціханоўская прывезла былому прэм’еру архіўныя матэрыялы, у тым ліку радавод, фотаздымкі яго продкаў, а таксама матэрыялы пра маёнтак і землі Мінейкаў у Беларусі. Ціханоўская запрасіла Папандрэу, які вельмі ганарыцца сваім паходжаннем, у Вільню наведаць месцы пахавання яго сваякоў, і выказала спадзяванне, што яны разам змогуць наведаць мясціны Мінейкаў у Беларусі, калі Беларусь стане свабоднай», — сказаў Вячорка.
Таксама палітык падаравала экс-прэм’еру кнігу мемуараў Зыгмунта Мінейкі «З Тайгі пад Акропаль», выдадзеную на беларускай мове.
Георгіяс Папандрэу-малодшы ўзначальваў урад Грэцыі ў 2009—2011 гадах, раней таксама быў міністрам замежных спраў, міністрам адукацыі і па справах рэлігіі. 16 гадоў (2006—2022) быў прэзідэнтам Сацыялістычнага інтэрнацыяналу. Яго бацька і дзед таксама былі прэм’ерамі Грэцыі.
Ціханоўская і Папандрэу сустракаліся ў Афінах у маі 2021 года.