Пуцін выкарыстаў Лукашэнку, каб заявіць пра гатоўнасць пачаць перамовы з Украінай на аснове Стамбульскіх дамоўленасцяў
Госцю з Беларусі дасталася задача прапанаваць вярнуцца да перамоваў з Украінай па ўзгодненай у Стамбуле дамове. Пуцін з ім «пагадзіўся».
12.04.2024 / 10:14
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін 11 красавіка 2024 года. Фота Gavriil Grigorov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
Уладзімір Пуцін пагадзіўся з прапановай беларускага калегі Аляксандра Лукашэнкі вярнуцца да перамоваў з Украінай па ўзгодненых у Стамбуле дамоўленасцях. У размове, стэнаграма якой прыводзіцца на сайце Крамля, Лукашэнка адзначыў, што падчас перамоваў у сакавіку-красавіку 2022 года бакі ўзгаднілі «сур'ёзныя зрухі», але пазней дамоўленасці былі сарваныя.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў «дастаць той дакумент, які вы калісьці мне паказалі і перадалі, пакласці на стол і рухацца па ім».
«Так, і з ім працаваць», — пагадзіўся Пуцін.
Лукашэнка дадаў, што ў дакуменце ўтрымліваецца «прымальная пазіцыя і для Украіны», і Кіеў два гады таму прыняў яе.
«Яны ж пагадзіліся. Вядома», — адзначыў Пуцін.
Аляксандр Лукашэнка, які ў 2022 годзе прадказваў, што Кіеў возьмуць за «тры-чатыры дні», заявіў, што яго «нюх ніколі не падманваў» і цяпер ён адчувае, што ініцыятывы Пуціна з нагоды заканчэння вайны «знойдуць водгук ва Украіне».
«Я гатовы з вамі разам устаць поплеч і працаваць у гэтым кірунку», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Хоць беларуская армія і не ўдзельнічае ў ваенных дзеяннях, вайна Расіі і Украіны мае катастрафічныя наступствы для Беларусі. Беларусь, якая і раней была залежная ад расійскіх нафтагазавых датацый, аказалася адрэзаная ад традыцыйных сусветных рынкаў і цяпер ужо цалкам прывязаная да расійскага, а эміграцыя з краіны дасягнула гістарычных рэкордаў.
Напярэдадні расійскае выданне «Новая газета Еўропа» паведамляла, што Турцыя прасоўвае новы праект мірнага пагаднення паміж Расіяй і Украінай. Па словах крыніцы выдання, які азнаёміўся з дакументам, у яго аснову ляглі пункты з першага пагаднення ў Стамбуле. Аднак абноўленая дамова прадугледжвае замарозку вайны па існуючай лініі фронту, абавязацельствы правесці рэферэндумы на захопленых Расіяй тэрыторыях Украіны ў 2040 годзе, а таксама гарантыі пазаблокавага статусу Украіны да 2040 года.
Масква ў 2022 годзе пачынала вайну, разлічваючы на хуткае заваяванне Украіны. Мяркуючы па рыторыцы Пуціна і дзеяннях РФ у той час, за акупацыяй Украіны настала б ліквідацыя ўкраінскай і беларускай дзяржаўнасці і інкарпарацыя ўкраінскіх і беларускіх зямель у склад Расіі на ўзор таго, як гэта адбылося з Данецкам, Луганскам і акупаванымі тэрыторыямі Запарожскай і Херсонскай абласцей.
Замест гэтага Расія атрымала зацяжную вайну, на якой страціла 75 тысяч чалавек забітымі. Значная частка расійскай вайсковай тэхнікі была знішчаная, уключаючы тысячы танкаў. Рэпутацыя расійскіх узбраенняў пацярпела, а прэстыж заходніх — вырас.
Гатоўнасць Масквы весці перамовы сведчыць, што яна змірылася з тым, што тыя першапачатковыя мэты вайны цяпер не могуць быць дасягнутыя. Але няма падставаў думаць, што Расія ад гэтых мэтаў адмовілася. Менавіта таму шмат хто ва Украіне і краінах Еўрасаюза выступаюць супраць такой замарозкі канфлікту. На іх думку, Масква шукае проста перадышкі, каб аднавіць арсенал узбраенняў і распачаць новы націск на Украіну ў зручны для сябе момант.
На думку крытыкаў, толькі выхад Украіны на законныя межы 1991 года можа стаць страхоўкай ад паўтарэння вайны ў будучыні.
«Дзясяткамі выкідваюць трупы цераз мяжу». Пра што Лукашэнка сёння расказваў Пуціну
Ці ўвядзе НАТА ва Украіну свае войскі? Меркаванні заходніх экспертаў
Украіна распрацавала план новага контрнаступу — Зяленскі