Як Украіна выкарыстоўвае на вайне штучны інтэлект
Вядзенне вайны Украінай становіцца ўсё больш тэхналагічным. Саступаючы Расіі ва ўзбраенні, яна імкнецца выкарыстаць перавагі штучнага інтэлекту. Дзе і як гэта адбываецца?
11.04.2024 / 20:31
Фота: AP Photo/Libkos
Як піша The Economist, яшчэ ў лістападзе 2019 года Уладзімір Зяленскі заклікаў да маштабнага пашырэння выкарыстання тэхналогій штучнага інтэлекту (ШІ) у мэтах нацыянальнай бяспекі.
У выніку была створана мадэль, якая атрымала назву Цэнтр аперацый па ацэнцы пагроз (ЦААП). Яна атрымлівае шырокі спектр інфармацыі, у тым ліку здабытай хакерамі. Аператары ЦААП называюць гэту мадэль «канструктарам», бо яна ўзаемадзейнічае з больш дробнымі мадэлямі.
Як ШІ дапамагае выявіць месцазнаходжанне цэляў
Акрамя ЦААП, магчымасці ChatGPT выкарыстоўваюць канструктары беспілотнікаў у якасці «адпраўнога пункту» для інжынерных ідэй, напрыклад, для новых метадаў зніжэння ўразлівасці да расійскіх перашкод.
Яшчэ адным вайсковым прымяненнем ШІ з'яўляецца ідэнтыфікацыя цэляў. У сувязі з тым, што салдаты і ваенныя блогеры цяпер сталі больш асцярожнымі ў сваіх паведамленнях, просты пошук падказак аб размяшчэнні войскаў стаў менш плённым.
Аднак апрацоўка вялікай масы малюнкаў і тэкстаў з дапамогай мадэляў ШІ дапамагае знайсці патэнцыйныя падказкі, злучыць іх разам і выказаць здагадку пра верагоднае месцазнаходжанне сістэмы ўзбраення ці вайсковага злучэння.
Як падкрэсліў у інтэрв'ю выданню аналітык кампаніі Molfar, якая робіць такую працу, выкарыстанне ШІ дазваляе ім знаходзіць ад двух да пяці важных цэляў у дзень. Пасля выяўлення гэтыя даныя хутка перадаюцца ўкраінскай арміі, у выніку чаго некаторыя з цэляў знішчаюцца.
Для складання карты раёнаў, дзе ў расійскіх войскаў, верагодна, недахоп забеспячэння і нізкі маральны дух, кампанія Molfar выкарыстоўвае распрацоўку літоўскай кампаніі SemanticForce. Яна аналізуе тэксты і выявы, размешчаныя ў інтэрнэце або на сайце, знаходзіць падказкі на фатаграфіях, у тым ліку з беспілотнікаў, а таксама ў паведамленнях вайскоўцаў у сацыяльных сетках.
Molfar выкарыстоўвае мадэль SemanticForce таксама для збору звестак пра слабыя бакі расійскіх узброеных сіл. Такую інфармацыю можа даць вывучэнне дзейнасці расійскіх валанцёрскіх груп, якія збіраюць сродкі і рыхтуюць пасылкі для ўчасткаў фронту, якія найбольш маюць у гэтым патрэбу.
На выставе ініцыятывы BRAVE1, на якой прадстаўленыя некаторыя ўкраінскія тэхналогіі, што выкарыстоўваюцца на полі бою. Кіеў, красавік 2023 года. Фота: AP Photo/Hanna Arhirova
Пошук схільных да здрады
Выкарыстанне ШІ дапамагае ўкраінскім разведчыкам выяўляць людзей, «схільных да здрады». Па словах былога намесніка міністра інфармацыйнай палітыкі Дзмітрыя Залатухіна, на тэлефоны ўкраінцаў часта прыходзяць прапановы зарабіць грошы, робячы геалакацыйныя здымкі аб'ектаў інфраструктуры і вайсковых аб'ектаў.
Выкарыстоўваючы мадэль на аснове ШІ амерыканскай кампаніі Palantir, украінская контрразведка шукае сувязі ў разрозненых масівах даных пра аднаго чалавека, аналізуе яго сацыяльныя кантакты, звесткі пра яго з розных крыніц для вызначэння імавернасці датычнасці да перадачы інфармацыі праціўніку.
Аналіз разнастайных звестак пра чалавека дапамагае ўкраінскім следчым выяўляць парушальнікаў санкцый супраць Расіі. Па словах крыніцы, злучаючы даныя ў судовых рэестрах з фінансавымі запісамі, якія захоўваюцца ў іншых месцах, праграмнае забеспячэнне можа «прабіць карпаратыўную заслону». Па словах Залатухіна, хакеры падаюць украінскім ведамствам масівы скрадзеных бізнэс-даных. Гэта прыносіць карысць барацьбе з абыходам санкцый.
Карысць і рызыка
Выданне адзначае вялікую гатоўнасць украінскага грамадства перадаваць даныя. Людзі загружаюць фатаграфіі з геапазнакамі, якія могуць быць карыснымі для абароны краіны, у дадатак пад назвай «Дія». Многія кампаніі падаюць львоўскай фірме Mantis Analytics даныя пра сваю працу — ад несвоечасовых паставак да актыўнасці кол-цэнтраў і спрацоўвання ахоўнай сігналізацыі. Атрымальнікамі ацэнак функцыянавання грамадства з дапамогай гэтай платформы з'яўляюцца Міністэрства абароны і кампаніі, якія імкнуцца больш эфектыўна выкарыстоўваць уласныя рэсурсы бяспекі.
Наколькі ўсё гэта ў канчатковым выніку зменіць сітуацыю, пакуль незразумела. Асобныя аналітыкі выказваюць асцярогі, што энтузіязм з нагоды некаторых дадаткаў для гарантавання бяспекі з дапамогай ШІ можа адцягнуць рэсурсы, якія маглі б прынесці больш карысці ў іншых месцах.
Празмерная вера ў штучны інтэлект — яшчэ адна рызыка, і некаторыя мадэлі на рынку, безумоўна, пераацэненыя.
Некаторыя лічаць, што выкарыстанне ШІ можа мець і негатыўныя наступствы для баявых дзеянняў Украіны, бо «канструктарскі працэс» цэнтралізуе прыняцце рашэнняў, гасячы творчыя іскры «па краях».
Як вядома, найбольшыя поспехі Украіны былі дасягнутыя ў пачатку канфлікту, калі невялікія дэцэнтралізаваныя падраздзяленні заахвочваліся да імправізацыі.
Украіна мае наземны дрон, які падрывае масты на Данбасе
Украіна зможа атакаваць Урал і Запаляр'е. Дроны ўжо на падыходзе
Генерал ФСБ у адстаўцы прагназуе, што ўкраінцам удасца выйсці назад да Азоўскага мора