«У Горках сабралі адкіды з іншых калоній». Сярод якога кантынгенту апынуўся Алесь Бяляцкі
Былы палітвязень, кандыдат тэхнічных навук Міхаіл Жамчужны ў новым выпуску ТОК расказаў пра ўмовы ў калоніі ў Горках, дзе знаходзіцца лаўрэат Нобелеўскай прэміі Алесь Бяляцкі.
07.04.2024 / 10:09
Міхаіл Жамчужны расказаў, што ў калоніі ў Горках аператыўныя супрацоўнікі робяць прававое бязмежжа: «Яны могуць падвергнуць асуджанага праз сматрачых дастаткова жорсткім рэпрэсіям, калі ён не можа бараніць свае інтарэсы і патрабаваць у адпаведнасці з законам бяспечных умоў утрымання».
Па словах мужчыны, у Горках «сабралі ўсе адкіды з іншых калоній Беларусі як з боку адміністрацыі, так і з боку асуджаных, увесь негатыўны цвет сістэмы адбывання пакаранняў».
Жамчужны мяркуе, што Алесь Бяляцкі ў калоніі знаходзіцца ці ў памяшканні камернага тыпу, ці ў штрафным ізалятары.
«Другіх умоваў для палітвязня па распараджэнні, прабачце за выраз, «прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», быць там не можа. Нобелеўскі ён лаўрэат ці не, гэта ніяк на яго статус не ўплывае. Ён, хутчэй за ўсё, цалкам ізаляваны ад навакольнага асяроддзя».
Жамчужны адзначыў, што адміністрацыя калоніі, «калі ў вочы, то паводзіць сябе дастаткова карэктна. Але можа забяспечыць дастаткова жорсткія ўмовы для ўтрымання праз агентаў уплыву сярод асуджаных ці сярод аператыўных супрацоўнікаў».
Былы палітвязень тлумачыць: «Калі ты ў вочы ім глядзіш, яны інтэлігентныя людзі. Яны ўсміхаюцца, дзейнічаюць у рамках закону. Але калі яны выйдуць за межы камеры і вы не маеце прамога кантакту, яны могуць любую подласць здзейсніць ці загадаць, каб яе здзейснілі».
Паводле інфармацыі «Вясны», у калоніі ў Горках адбываюць пакаранне як мінімум 10 палітвязняў:
- Алесь Бяляцкі
- Вадзім Гурман
- Віктар Барушка
- Вячаслаў Маляйчук
- Дзмітрый Маставы
- Дзяніс Барсукоў
- Павел Аўчароў
- Павел Кунцэвіч
- Руслан Акостка
- Сяргей Раманаў.
Глядзіце цалкам:
Чытайце яшчэ: