Адпачынак на прыродзе. Топ-5 маляўнічых месцаў у Беларусі, дзе варта пабываць гэтай вясной
Нягледзячы на ўсе цяжкасці, для беларусаў усё ж яшчэ захоўваюцца магчымасці для адпачынку за мяжой. Аднак не варта забываць, што і дома ёсць нямала ўнікальных і прыгожых месцаў, якія дапамогуць адпачыць на лоне прыроды. Наведванне нацыянальных паркаў і запаведнікаў падорыць не менш уражанняў, чым паездка на моры. Экатуры па Беларусі толькі пачынаюць набіраць папулярнасць у апошнія гады. Выданне Myfin.by вырашыла вывучыць, якія напрамкі для экалагічнага турызму можна выбраць і ў колькі абыйдзецца паездка.
06.04.2024 / 16:56
Здымак ілюстрацыйны. Фота: sportishka.com
Заказнік «Спораўскі»
Дзе знаходзіцца: Брэсцкая вобласць.
Заказнік «Спораўскі» знаходзіцца на тэрыторыі адразу чатырох раёнаў Брэсцкай вобласці: Бярозаўскага, Драгічынскага, Іванаўскага і Івацэвіцкага. На велізарных прасторах заказніка можна любавацца прыгажосцю балот, рэк і азёраў.
Фота: sporava.by
Дзякуючы таму, што мясцовасць засталася практычна ў некранутым выглядзе, тут удалося захаваць рэдкія віды раслін, птушак і жывёл. Многія з іх занесеныя ў Чырвоную кнігу. Тут ёсць магчымасць паназіраць за рэдкімі рыбамі, сысунамі і кузуркамі.
Варта адзначыць, што гэты заказнік — першая тэрыторыя ў нашай краіне, якая атрымала міжнародны статус аховы «Рамсарскія ўгоддзі».
Кошт
Каб даведацца больш пра месца, у якім знаходзіцеся, замоўце аглядную або індывідуальную экскурсію — цана складзе 13-50 рублёў. Арэнда альтанак абыйдзецца ў 10-90 рублёў, а пражыванне — 25-35 рублёў на чалавека. Дадаткова прыйдзецца ўнесці ў выдаткі кошт праезду да заказніка на ўласным транспарце. Калі ж выбраць арганізаваны тур, то яго кошт будзе ад 180 рублёў на аднаго чалавека.
Нацыянальны парк «Прыпяцкі»
Дзе знаходзіцца: Гомельская вобласць.
Адпраўляемся ў яшчэ адно маляўнічае месца, якое знаходзіцца ў Гомельскай вобласці, — парк «Прыпяцкі». Ягоныя галоўныя славутасці — рака Прыпяць і прыродныя комплексы.
Фота: npp.by
Месца падыдзе як для спакойнага, так і для актыўнага адпачынку. Тут можна наведаць сафары-парк, у якім убачыце дзікіх жывёл у натуральным асяроддзі.
Таксама ёсць гісторыка-культурны комплекс «Музей пад адкрытым небам». У гэтым месцы можна даведацца пра беларускую гісторыю і традыцыі, адчуць мясцовы каларыт. А на назіральнай вежы адкрываюцца выдатныя віды на раку.
Створаныя ўсе ўмовы і для аматараў рыбалкі. У азёрах жыве каля 37 відаў рыб. Ёсць прапановы для паляўнічых — паспрабаваць здабыць баравую дзічыну, капытных жывёл і многіх іншых. Праўда, ідэя экатурызму мала спалучаецца з паляваннем.
Калі ж хочацца спакойна правесці час, то можна прагуляцца на цеплаходзе, катамаране або маторнай лодцы. Або выбраць гатовыя экатуры, якія прапануе парк.
Кошт
Пражыванне будзе каштаваць ад 24 рублёў (у залежнасці ад абранага комплексу і колькасці чалавек у пакоі). Наведванне сафары-парку абыйдзецца ў 10-30 рублёў, а музея — 3-5 рублёў (дадаткова можна замовіць паслугі экскурсавода — 10-30 рублёў). Рачныя прагулкі каштуюць 20-260 рублёў, а гатовыя экаэкскурсіі — ад 10 рублёў. На аматарскую рыбалку прыйдзецца выдаткаваць да 150 рублёў.
Так што выніковая сума за падарожжа будзе залежаць ад вашых пераваг падчас адпачынку. Яшчэ трэба дадаць выдаткі на дарогу. З Мінска арганізаваныя туры прадаюцца па цане ад 130 рублёў.
Нацыянальны парк «Нарачанскі»
Дзе знаходзіцца: на тэрыторыі Мінскай, Віцебскай і Гродзенскай абласцей.
Велізарны парк «Нарачанскі» — гэта не толькі прыгожыя пейзажы, але яшчэ і месца для адпачынку. Адной з галоўных яго фішак з'яўляюцца тэрыторыі водных экасістэм. Кожнае возера мае свае рэльефы і індывідуальнасць. У парку можна знайсці рэдкія і ахоўныя віды раслін, таксама там зарэгістравана больш за 300 відаў пазваночных жывёл. У вадаёмах жыве каля 35 відаў рыб.
Фото: narochpark.by
Нацыянальны парк «Нарачанскі» прапануе мноства розных экскурсій на любы густ. Напрыклад, экскурсія па экалагічнай сцежцы прыроднага комплексу «Блакітныя азёры» — «падарожжа ў прыроду», наведванне сафары-парку або дэндралагічнага саду. Папулярныя веламаршруты і аглядныя экскурсіі па тэрыторыі парку.
Для тых, каго цікавіць паляванне і рыбалка, ёсць прапановы па арганізацыі і такога вольнага часу.
Кошт
Кошт за пражыванне будзе залежаць ад абранага комплексу і складзе як мінімум 80 рублёў. Цэны на экскурсіі розныя. Напрыклад, наведванне сафары-парку на групу з 18 чалавек абыйдзецца ў 237 рублёў, а дэндралагічнага саду — каля 6 рублёў. Актуальныя цэны лепш даведвацца перад паездкай.
Таксама варта ўлічваць кошт праезду да парку. Арганізаваны тур з Мінска можна набыць ад 50 рублёў.
Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Званец»
Дзе знаходзіцца: Брэсцкая вобласць.
Найбуйнейшае ў Еўропе нізіннае балота мезатрофнага тыпу з вялікай колькасцю адкрытых мінеральных «астравоў» знаходзіцца на тэрыторыі заказніка «Званец».
Фота: zvanec.by
Флора і фауна месца сапраўды ўражвае: можна ўбачыць больш за 650 відаў раслін, 125 відаў птушак і 5 відаў рэптылій. Многія з іх знаходзяцца на мяжы знікнення і занесеныя ў Чырвоную кнігу.
Заказнік выдатна падыходзіць для экалагічнага турызму. Тут прапануюць экатурыстычныя маршруты, дзе ўсе ахвотныя пабачаць унікальную прыроду, славутасці і пазнаёмяцца з раслінным і жывёльным светам.
Экалагічныя сцежкі разлічаныя на праходжанне за 2-3 гадзіны. Па меры праходжання маршруту ўбачыце стэнды з інфармацыяй пра жывёл і расліны. Таксама групу суправаджае гід, які падзеліцца цікавымі і важнымі фактамі.
Кошт
Пражыванне абыдзецца ў 20 рублёў на чалавека. А экскурсіі — ад 7 да 50 рублёў (у залежнасці ад колькасці чалавек у групе). Дадаткова варта разлічыць суму, якую выдаткуеце на дарогу.
Цэнтр экалагічнага турызму «Станькава»
Дзе знаходзіцца: Мінская вобласць.
Напрыканцы — пра месца, да якога не прыйдзецца далёка дабірацца з Мінска. На тэрыторыі Цэнтра экалагічнага турызму «Станькава» для наведвальнікаў ёсць заасад, парк дзікіх жывёл, конеферма і комплекс забавак. Для турыстаў таксама прадугледжаная арэнда альтанак.
Фота: ecopark.by
Месца выдатна падыдзе для адасобленага адпачынку на прыродзе. У заасадзе і парку дзікіх жывёл больш за 40 відаў птушак і сысуноў. Тут ёсць страусы, паўліны, зубры, алені, ламы і многія іншыя. Па перыметры саду пракладзены пешаходны маршрут для гасцей, каб было зручней назіраць за яго жыхарамі.
На конеферме можна пабачыць коней розных парод і зрабіць конны шпацыр пад кіраўніцтвам інструктараў. Пасля адпачынку ёсць магчымасць наведаць лазню і рэстаран.
Кошт
Арэнда дамкоў для пражывання — ад 300 рублёў. Наведванне заасада на аднаго чалавека абыйдзецца ў 10 рублёў, а конныя прагулкі — ад 4 да 40 рублёў. Дадаткова трэба ўлічыць аплату харчавання ў рэстаране і праезд да «Станькава».
Чытайце таксама:
Адпачынак казачны, але не бюджэтны: як сям'я з Брэсцкай вобласці бавіла час у парку жывёл «Дыпрыз»
Сула, Дудуткі, Дукора — колькі каштуе адпачынак у беларускіх парках культуры і гісторыі
Харызматычны драпежнік нашых лясоў. Таямніцы беларускай рысі