Зорку «Што? Дзе? Калі?» Фёдара Шведава судзяць за «фінансаванне экстрэмізму»
Яму пагражае да васьмі гадоў калоніі.
05.04.2024 / 08:30
Фёдар Шведаў і ягонае фірмовае прывітанне падчас гульні — прыўзняты кулак. Скрыншот з тэлеканала АНТ
Фёдару Шведаву 48 гадоў. Ён родам са Светлагорска. У 1998-м скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт на фізіка. Шведаў з сям'ёй жыве ў Ашмянах. У іх з жонкай як мінімум трое дзяцей — двое дарослых і адно непаўналетняе.
Фёдар быў зоркай беларускага «Што? Дзе? Калі?» яшчэ да таго, як патрапіў у тэлеверсію праграмы.
Гуляе ён з 2006 года і ўдзельнічаў у амаль усіх рэспубліканскіх спаборніцтвах. А ў 2013-м, пасля ўдзелу ягонай каманды «Гасіла» ў «Брэйн-рынгу», іх запрасілі ў так званую «элітарку».
Каманда Фёдара Шведава адгуляла восем сезонаў, апошні — у маі 2020-га. У 2017-м Фёдар атрымаў «Вялікую хрустальную саву» як найлепшы гулец сезона.
Калі яго затрымалі — дакладна невядома, як і сутнасць абвінавачання. Вядома толькі, што ён ахвяраваў да мая 2021 года.
Суд над Шведавым пачнецца 15 красавіка ў Гродзенскім абласным судзе.