Якім будзе квартал Depo ў цэнтры Мінска і чым натхняліся яго аўтары

На галоўным расійскім архітэктурным партале Archi.ru выйшаў вялікі агляд мінскага праекта. «Наша Ніва» паглядзела, што адметнага пабачылі спецыялісты ў прэміяльным квартале ад А-100, які сёння будуецца на месцы трамвайнага дэпо. 

07.04.2024 / 19:03

Іржавы трамвай, як памяць пра месца, і акцэнт на вежы завода, як сувязь з пасляваеннай забудовай праспекта. Фота: Сяргей Скуратаў ARCHITECTS

Трамвайнае дэпо побач з плошчай Перамогі ў Мінску закрылі яшчэ ў 2006 годзе. У 2017 годзе кампанія А-100, вядомая па будаўніцтве Новай Баравой пад Мінскам, пачала ператвараць тэрыторыю ў прэміяльны квартал сталіцы.

Праведзены ў 2018 годзе конкурс на архітэктурна-горадабудаўнічую канцэпцыю тэрыторыі выйграў маскоўскі архітэктар Сяргей Скуратаў. 

Ягонае бюро стварыла архітэктурныя канцэпцыі ў 2019 і 2020 гадах. Кожны з варыянтаў прадстаўлены ў альбомах па 150—250 старонак, дзе сабраныя ўсе аўтарскія задумы. Канцэпцыі пасля былі перапрацаваныя з захаваннем асноўных ідэй аўтара, а з 2021 года пачалі рэальнае праектаванне.

Тры карпусы «Depo», пабудаваныя па вуліцы Кісялёва (1 чарга будаўніцтва). Фота: Сяргей Скуратаў ARCHITECTS

На сёння першыя тры будынкі, пастаўленыя ў рад за «сталінскім» фронтам плошчы Перамогі, ужо завершаны. Цяпер пачынаецца будаўніцтва яшчэ двух. Але ўжо без маскоўскага бюро.

Як без удакладненняў паведамляе Archi.ru, пасля 2022 года змянілася палітычная і эканамічная сітуацыя, таму А-100 адмовілася ад супрацоўніцтва са Скуратавым. Тым не менш, задумы аўтара плануюць рэалізаваць па максімуме. 

У квартале, як у лютым паведамляў забудоўшчык, будзе створана гарадская плошча з сажалкай, над якой адновяць разабраную аўтамыйку дэпо, з'явяцца арт-аб’екты, створаць пешаходную вуліцу, а ўнутраная прастора будзе рэалізавана ў некалькіх узроўнях — усё, як і задумваў аўтар.

Стары Мінск, які натхняе новы Мінск

Квартал Depo ў Мінску. Архітэктурная канцэпцыя, 2020. Фота: Сяргей Скуратаў ARCHITECTS

Усяго ў праекце Depo на плошчы каля 7 га будзе пабудаваны 21 жылы корпус з больш як 30 секцыямі. Кожны дом сам па сабе параўнальна сціплы, ён частка нечага большага. Архітэктары лічаць, што ў такім вялікім комплексе яны і не павінны прэтэндаваць на яркае выказванне, куды важнейшая агульная кампазіцыя.

Усе дамы абліцаваныя цэглай, якую архітэктар вельмі любіць выкарыстоўваць у сваіх праектах.

Дамы ў цэнтры квартала будуць з чырвонай цэглы, як і старыя карпусы дэпо, а ўжо пабудаваныя — са светлай. Так архітэктары падтрымалі бэжавы каларыт савецкай неакласікі, што знаходзіцца побач.

Але, паводле інфармацыі партала, цэглу плануюць замяніць на танны і звыклы для Мінска керамаграніт.

Паўночны фасад аднаго з пабудаваных дамоў. Фота: Сяргей Скуратаў ARCHITECTS

Паўночныя фасады дамоў цалкам вітражныя, прыкрытыя сеткай бетонных ламеляў, бо з гэтага боку заўсёды нашмат менш святла, чым з іншых. 

Да савецкай рэтра-стылістыкі адсылаюць таксама скругленыя вуглы будынкаў.

Але Сяргей Скуратаў падкрэслівае, што сутнасць праекта ў першую чаргу ў новых для Мінска прынцыпах арганізацыі прасторы і горадабудаўнічых рашэннях, а не ў саміх дамах. 

У сваіх канцэпцыях Скуратаў аб’яднаў два метады, з аднаго боку паўтарэнне існуючай планіроўкі, з іншага — планіроўку, якая выбудоўваецца насуперак звыклай сетцы. Плошча былога дэпо гэта цалкам дазваляе.

Перыметральная забудова квартала. Архітэктурная канцэпцыя, 2020. Фота: Сяргей Скуратаў ARCHITECTS

Тэрыторыя былога дэпо мае складаную ў плане форму, яе акрэсліваюць вуліцы, якія праходзяць пад рознымі няправільнымі вугламі. Новыя дамы ўздоўж вуліц выбудаваны па чырвоных лініях, каб фарміраваць вулічны фронт, замест якога раней быў проста плот. 

Але ўнутры квартала новыя будынкі не падпарадкаваныя гэтай логіцы і арыентуюцца па баках свету — таго патрабуе інсаляцыя.

 

Забудова на скрыжаванні з Чырвонай вуліцай. Архітэктурная канцэпцыя, 2020. Фота: Сяргей Скуратаў ARCHITECTS

Раней дамінавалі два падыходы, або ўсё будавалі ўздоўж восі поўнач-поўдзень, не зважаючы на вуліцы і ракурсы, як тое мела месца ў 1970-х, або наадварот трымаліся гістарычнага прынцыпу, забудоўваючы перыметр. 

Скуратаў дзейнічае больш смела і гнутка. Атрымліваецца мяшаны фармат забудовы, цэнтральнае месца ў якой займае гарадская плошча з сажалкай. Нешта падобнае Скуратаў прымяняў і ў іншых сваіх праектах, напрыклад, у «Садовых кварталах». 

Тыпы забудовы, якія існуюць у Мінску. За аснову Depo ўзяты кварталы Асмалоўкі з «дысперснай з прасветамі» забудовай. Конкурсная канцэпцыя 2018. Фота: Сяргей Скуратаў ARCHITECTS

Прынцып дысперснай забудовы «з прасветамі» архітэктары падгледзелі ў самім Мінску, у тым ліку часта яго бачаць і на праспекце Незалежнасці.

Такі ж тып забудовы характэрны, напрыклад, для Асмалоўкі — да яе прыкладу звярталіся архітэктары ў сваіх канцэптуальных рашэннях.

Яшчэ адна важная задума ў праекце — пешаходны працяг праспекта Машэрава. У месцы, дзе знаходзілася дэпо, праспект ламаўся, адхіляўся да поўначы. Цяпер гэтай асаблівасцю скарысталіся архітэктары, каб стварыць грамадскую прастору.

Архітэктары падкрэсліваюць, што крам у першых паверхах будынкаў уздоўж вуліц недастаткова. Цікавае меркаванне, ведаючы, што беларускія забудоўшчыкі імкнуцца будаваць шматпавярховае жытло ўвогуле без якіх-небудзь крам і паслуг на першым паверсе.

Пешаходная вуліца. Архітэктурная канцэпцыя, 2020. Фота: Сяргей Скуратаў ARCHITECTS

Тым не менш у праекце «Дэпо» гараджан па пешаходным працягу праспекта заводзяць унутр квартала. Новая пешаходная вуліца за адно падкрэслівае акцэнт — невялікую вежку на будынку былога радыёзавода пасляваеннай забудовы. Візуальная і сэнсавая сувязь з ансамблем праспекта, пабудаваным у той жа час, пранізвае ўвесь квартал. 

Але кірунак пешаходнай вуліцы выбраны не толькі з меркаванняў архітэктурнай кампазіцыі. На месцы завода «Гарызонт», што знаходзіцца за гэтай вежкай, будзе пабудаваны вялікі грамадска-культурны цэнтр — пешаходная вуліца «Depo» будзе весці з праспекта прама да яго. 

Прыватныя двары жыхароў будуць знаходзіцца на ўзровень вышэй за грамадскую прастору — гэта дазваляе зрабіць ландшафт тэрыторыі.

Пачатак пешаходнай вуліцы ад праспекта Машэрава. Архітэктурная канцэпцыя, 2020. Фота: Сяргей Скуратаў ARCHITECTS

Пешаходка з кафэ і крамамі, пачынаючыся ад гістарычнага будынка паліцэйскай часці і трохкутнага офіса, будзе як бы заглыбляцца ніжэй за ўзровень горада. Цераз яе перакінуць два пешаходныя масткі, якія злучаць двары. У стылабатах пад дварамі з аднаго боку плануюць схаваць паркінг, а з іншага — размясціць спартыўна-аздараўленчы цэнтр. 

Дваровыя тэрыторыі квартала Depo. Архітэктурная канцэпцыя, 2020. Фота: Сяргей Скуратаў ARCHITECTS

Новую пешаходку мусіць завяршыць вялікая лесвіца і амфітэатр.

Над лесвіцай мусіць з’явіцца арт-аб’ект у выглядзе ржавага трамвая, але не сапраўднага, а вырабленага з адмысловай кортэн-сталі — яшчэ аднаго ўпадабанага Скуратавым матэрыялу.

Іржавы трамвай у канцы пешаходнай вуліцы. Архітэктурная канцэпцыя, 2020. Фота: Сяргей Скуратаў ARCHITECTS

Па задуме трамвай мусіў як бы распадацца ў палёце. Спачатку меркавалася, што над ім будзе працаваць расійскі аўтар, але цяпер справа перайшла да беларускіх мастакоў.

Захаваюць таксама два фрагменты зеляніны ў пачатку пешаходкі і паміж «сталінскімі» дамамі вуліцы Кісялёва.

Але беларускага ў квартале стане менш. Раней меркавалася зрабіць беларускі арнамент на фасадах і ў бруку, але ў канчатковым праекце ён застанецца толькі пад нагамі.

Сажалка з адноўленым будынкам мыйкі на пешаходнай вуліцы квартала. Фота: Сяргей Скуратаў ARCHITECTS

Цэнтральным пунктам вуліцы будзе сажалка, над якой паставяць будынак галерэі і рэстарана, сабраны з фрагментаў аўтамыйкі дэпо для захавання памяці месца. Пра гісторыю раёна будуць нагадваць і іншыя элементы, напрыклад, захаваныя трамвайныя рэйкі.

Уражвае, якая вялікая праца можа быць праведзена, калі забудоўшчык і праекціроўшчыкі ставяць за мэту не толькі максімальнае ўзбагачэнне пры мінімальных выдатках. Да дэталяў прадумваецца кожны візуальны, кампазіцыйны і планіровачны элемент, у той час як большасць сталіцы забудоўваецца па прынцыпе «і так пойдзе, усё роўна купяць».

Чытайце таксама:

Лукашэнка жыве ў сапраўдным магнацкім палацы

Іван Жалтоўскі — беларускі шляхціц, які стварыў «сталінскі ампір»

Уласнікаў помнікаў архітэктуры вызвалілі ад двух падаткаў

Урад перагледзіць умовы дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жылля

Ф. Раўбіч