Хацкевіч: Клуб не паклапаціўся аб належнай бяспецы

Галоўны трэнер польскага «Заглэмбе» Аляксандр Хацкевіч пракаментаваў інфармацыю пра тое, што на трэніроўку каманды ўварвалася група фанатаў, пасля чаго яго збілі, піша «Трыбуна».

03.04.2024 / 15:04

«Трэніроўка праходзіла ў нармальнай атмасферы, але ў нейкі момант з'явілася група людзей, якія хацелі агрэсіўна напасці на трэнерскі штаб і гульцоў. Мае гульцы прадэманстравалі адзінства.

Я сам вырас на вуліцы і ведаю, як паводзіць сябе ў такіх сітуацыях, я ўмею ўхіляцца, умею бараніцца. Мы не адчувалі сябе ў бяспецы. Праблема ў тым, што клуб не паклапаціўся аб належнай бяспецы падчас трэніровак. Гэтага не павінна было адбыцца», — сказаў Хацкевіч.

@nashanivanews Палякі ўварваліся на трэніроўку беларускага трэнера Аляксандра Хацкевіча #беларусь #беларускаямова #мова #беларусьновости #нашаніва #навіны #беларускітыкток #беларускіцікток #фанаты #белорусы ♬ sad hamster meme sound - CrazyToastCat

Як паведамлялася, сёння падчас трэніроўкі каманды там з'явілася група раззлаваных фанатаў. Хацкевіч атрымаў удар у твар, а таксама некалькі ўдараў нагамі.

У гэтым сезоне «Заглэмбе» з Сасноўца, што выступае ў першай лізе польскага чэмпіянату, выглядае жудасна. Каманда займае апошняе месца, адстаючы ад выратавальнага 15-га месца на 12 балаў. У панядзелак клуб быў разгромлены на сваім полі ГКС з Катавіцаў з лікам 0:4.

Хацкевіч, які ў свой час трэніраваў кіеўскае «Дынама» і зборную Беларусі, узначаліў каманду ў сярэдзіне студзеня, але лепш не стала. Пры ім «Заглэмбе» згуляла два матчы ўнічыю, а чатыры прайграла.

Чытайце таксама:

Польскія футбольныя фанаты ўварваліся на трэніроўку і збілі беларускага трэнера Аляксандра Хацкевіча

Беларускі трэнер Аляксандр Хацкевіч трапіў у няёмкую сітуацыю ў Польшчы

На сайце «Заглэмбе» каля прозвішчаў Хацкевіча і Залеўскага змясцілі БЧБ-сцягі замест чырвона-зялёных

Nashaniva.com