Беларуска хоча атрымаць кампенсацыю за маральную шкоду ад пскоўскіх дэсантнікаў і Мінабароны РФ
У Гомельскім абласным судзе 2 красавіка разглядаецца апеляцыя па грамадзянскай справе, адказчыкамі па якой прызначаны 237-ы гвардзейскі дэсантна-штурмавы полк (в/ч 12865) і 76-я гвардзейская дэсантна-штурмавая дывізія (в/ч 0726). Асобна ў спісе адказчыкаў значыцца і Міністэрства абароны РФ, заўважыў «Флагшток».
02.04.2024 / 10:52
Пскоўскія дэсантнікі. Фота: урад Пскоўскай вобласці
Заяўнік — Наталля Цалуйка, якая дабіваецца ў судзе кампенсацыі маральнай шкоды.
Пра сутнасць справы пакуль нічога не вядома, але гаворка ідзе пра дэсантнікаў тых самых вайсковых часцей, якія штурмавалі Украіну з тэрыторыі Беларусі ў 2022 годзе. Менавіта 237-ы гвардзейскі дэсантна-штурмавы полк тэрарызаваў Гастомель і Бучу, а затым быў перакінуты на Херсоншчыну, дзе яго значная частка была знішчана.
Пазоў у першай інстанцыі разглядаў суд Хойніцкага раёна, адкуль, у тым ліку, расійскія войскі ўрываліся ва Украіну.
Мяркуючы па гэтых даных, маральную шкоду дэсантнікі маглі нанесці мясцовай жыхарцы падчас знаходжання ў Беларусі. Зыходзячы з таго, што заяўніца падала апеляцыю, можна меркаваць, што раённы суд Хойнікаў адмовіў у задавальненні яе позве.
Прыбыццё расійскіх войскаў у 2022 годзе на тэрыторыю Беларусі прывяло да павелічэння колькасці ДТЗ і злачынстваў. Верагодна, што гэты суд зʼяўляецца такім сведчаннем.
Чытайце таксама:
У Гомелі мясцовыя ўлады адзначылі вызваленне ад Рускай народнай рэспублікі
У Гомелі закрываюць найбуйнейшы спартыўны клуб — прычыны, напэўна, палітычныя