КДБ затрымаў у Драгічынскім раёне 12 чалавек за дапамогу Украіне
Затрыманні адбыліся ў студзені 2024 года. Аднаму з мужчын прастрэлілі нагу, некаторых затрымалі сем'ямі. Вось што вядома.
01.04.2024 / 22:30
Затрыманы Дзмітрый Капуза з Драгічынскага раёна. Скрын відэа АНТ
Пра затрыманні расказалі ў сюжэце АНТ. Сцвярджаюць, што жыхары Драгічынскага раёна дапамагалі Службе бяспекі Украіны — забіралі выбухоўку і рабілі тайнікі на тэрыторыі Беларусі.
У эфіры паказалі не ўсіх затрыманых (усяго іх 12). Падкрэсліваецца, што затрымлівалі брутальна. Мужчын раней судзілі — то за кантрабанду, то за незаконную вырубку лесу, то за парушэнне памежнага рэжыму. Некаторыя афіцыйна нідзе не працавалі.
Адзін з затрыманых — 35-гадовы Дзмітрый Капуза з вёскі Сварынь Драгічынскага раёна. Сцвярджаецца, што з ім звязваўся праз ватсап украінскі ляснік, які працуе недалёка ад мяжы з боку Украіны. Аднойчы ён папрасіў Капузу перацягнуць тавар. Той узяў на справу земляка-аднафамільца Уладзіміра Капузу (1985 г.н.).
Ляснік перадаў ім некалькі цяжкіх мяшкоў. Іх сплаўлялі па вадзе. Капузу за грошы трэба было забраць пасылку з мяжы, а далей зрабіць тайнікі.
На АНТ кажуць, што ён падключыў жонку Вольгу — прасіў, каб яна фатаграфавала тайнікі і з геалакацыяй адпраўляла ва Украіну. У тых тайніках была выбухоўка.
Жонка Капузы таксама затрыманая. Скрын відэа АНТ
Дзмітрыю пры затрыманні прастрэлілі сцягно. У сюжэце ён абапіраецца на кіёк.
У Дзмітрыя Капузу стралялі пры затрыманні. Скрын відэа АНТ
Пасля ён трапіў у рэанімацыю. Пра гэта пісала «Вясна», калі паведамлялі пра брутальныя затрыманні ў Драгічыне (але імёны тады не называліся).
Затрымалі таксама брата Капузы Аляксандра (1987 г.н). Той дапамагаў Дзмітрыю падключаць сімку для сувязі з украінцамі.
Выбухоўку з некаторых тайнікоў паспеў забраць былы нафтанавец з Наваполацка Сяргей Ерамееў (гэта яго вінавацілі ў падрыве двух цягнікоў на БАМе ў Бураціі). У сюжэце паказваюць, як яго на ланцугу прывялі на месца, дзе былі тайнікі.
Сяргей Ерамееў. Скрын відэа АНТ
Сцвярджаецца, што 12 выбуховых прылад з тых тайнікоў ён прывёз да сябе ў гараж у Наваполацк і атрымаў інструкцыю, як праверыць і як усталёўваць. За гэта яму нібыта далі 7 тысяч даляраў.
Затрымалі таксама Яўгена Грука (1991 г.н). Ён перадаваў украінцам інфармацыю пра абстаноўку. Пасля атрымаў ад іх спіс заданняў — яго папрасілі паехаць у Расію, пасачыць за тэхнікай і вайскоўцамі. А пасля — забраць пакет у адным з тайнікоў. Даехаць Груку дапамог знаёмы Віктар Яскіч (1989 г.н.) з Маларыцкага раёна. Жонку Яўгена Лідзію таксама затрымалі. Сцвярджаецца, што Груку заплацілі 1500 рублёў за ўсё, 200 з якіх ён даў Яскічу.
Яўген і Лідзія Грук. Скрын відэа АНТ
На затрыманых завялі справу па артыкуле 289 частцы 3 — акт тэрарызму ў складзе групы. Для мужчын па гэтым артыкуле максімальная мера — смяротнае пакаранне.