У якіх гарадах Беларусі колькасць насельніцтва вырасла з 2000 года РЭЙТЫНГ
«Наша Ніва» параўнала, наколькі змянілася насельніцтва ў розных гарадах Беларусі ад пачатку стагоддзя.
06.04.2024 / 18:12
Мы нанеслі на карту ўсе беларускія гарады і райцэнтры, у якіх цяпер жыве больш чалавек, чым у 2000 годзе. Іх налічыўся 31.
Гарады, у якіх колькасць насельніцтва вырасла больш, чым на 20%, пазначаныя зялёным. Тыя, дзе стала на 10-12% больш жыхароў, — жоўтым. А дзе колькасць насельніцтва вырасла менш, чым на 10% — аранжавым.
Можна вылучыць чатыры асноўныя групы гарадоў.
1) Мінск і ваколіцы
У самой сталіцы колькасць насельніцтва вырасла на 18,4%, у спадарожніках яшчэ больш. Адметна, што сярод бліжэйшых райцэнтраў большай папулярнасцю карыстаюцца тыя гарады, якія знаходзяцца бліжэй да трасы М1. То-бок Стоўбцы, Узда і нават Нясвіж разрастаюцца больш за Валожын ці Чэрвень.
2) Брэст і брэсцкае Палессе
Сярод істотных фактараў большая доля прыватнага бізнэсу ў эканоміцы, чым на ўсходзе Беларусі — а значыць, і вышэйшы ўзровень дабрабыту. Блізкасць да Польшчы і Украіны традыцыйна спрыялі гандлю. А распаўсюд пратэстантызму прывёў да росту нараджальнасці. У выніку ў плюс Брэст з Жабінкай, і больш далёкія Столін і Іванава.
Натуральна, мае значэнне і больш камфортны клімат, чым на ўсходзе ці поўначы Беларусі.
3) Чарнобыльскія гарады Гомельшчыны
Брагін, Лельчыцы, Карма, Чачэрск, Нароўля, Ветка — ва ўсіх гэтых гарадах і мястэчках колькасць насельніцтва павялічвалася. Цяжка вылучыць адну канкрэтную прычыну.
Па-першае, дзяржаўныя праграмы аднаўлення пацярпелых тэрыторый і звязаныя з імі льготы.
Па-другое, кліматычныя ўмовы, якія сыгралі ў плюс таксама, як і ў сітуацыі з Брэстчынай.
Магчыма, адыгрывае ролю і той факт, што адразу пасля Чарнобылю колькасць насельніцтва ў рэгіёне істотна скарацілася. З цягам часу людзі сталі вяртацца ў родныя мясціны. А паколькі мы параўноўваем сітуацыю з 2000-м, то і складваецца ўражанне істотнага росту.
4) Астравецкая АЭС
Будаўніцтва АЭС прывяло да выбуховага развіцця Астраўца, сталі карыстацца папулярнасцю і Ашмяны. У трэцім горадзе рэгіёна, у Смаргоні, насельніцтва ўсё ж зменшылася, але мінімальна.
***
Удакладнім, што ў кожным канкрэтным выпадку могуць уплываць і іншыя невідавочныя фактары. Напрыклад, у рэйтынг патрапіў Віцебск, хоць сітуацыі па ўсёй Віцебшчыне (як і па Магілёўшчыне) выглядае крайне дэпрэсіўна.
Але ў чым феномен Віцебска? Рэч у тым, што ў 2017 годзе ў склад горада ўключылі пасёлак Руба з 7500 жыхарамі. Яны засталіся жыць там, дзе і раней, але фармальна сталі віцебчукамі.
Падобная сітуацыя і з Гомелем. У 2016-м у склад абласнога цэнтра ўключылі 10-тысячную Касцюкоўку.
2000 | 2024 | Рост | ||
1 | Астравец | 8666 | 15116 | 74,43% |
2 | Лагойск | 9664 | 15565 | 61,06% |
3 | Смалявічы | 14107 | 22679 | 60,76% |
4 | Фаніпаль | 11387 | 18252 | 60,29% |
5 | Заслаўе | 13118 | 17407 | 32,70% |
6 | Брагін | 3490 | 4570 | 30,95% |
7 | Лельчыцы | 9912 | 12334 | 24,44% |
8 | Дзяржынск | 23963 | 29796 | 24,34% |
9 | Карма | 6357 | 7837 | 23,28% |
10 | Брэст | 287384 | 344470 | 19,86% |
11 | Гродна | 302384 | 361115 | 19,42% |
12 | Мінск | 1683135 | 1992862 | 18,40% |
13 | Чачэрск | 7618 | 8927 | 17,18% |
14 | Нароўля | 7322 | 8371 | 14,33% |
15 | Столін | 12210 | 13785 | 12,90% |
16 | Жабінка | 12806 | 14418 | 12,59% |
17 | Узда | 9490 | 10619 | 11,90% |
18 | Ашмяны | 15068 | 16787 | 11,41% |
19 | Ветка | 7732 | 8599 | 11,21% |
20 | Маларыта | 11529 | 12735 | 10,46% |
21 | Нясвіж | 14478 | 15968 | 10,29% |
22 | Жодзіна | 59457 | 63744 | 7,21% |
23 | Стоўбцы | 16555 | 17737 | 7,14% |
24 | Жлобін | 72155 | 76844 | 6,50% |
25 | Кобрын | 50947 | 52635 | 3,31% |
26 | Гомель | 485600 | 501102 | 3,19% |
27 | Ліда | 100746 | 103916 | 3,15% |
28 | Віцебск | 347927 | 358395 | 3,01% |
29 | Баранавічы | 168096 | 171361 | 1,94% |
30 | Іванава | 16004 | 16172 | 1,05% |
31 | Клецк | 11187 | 11248 | 0,55% |