«У Расіі далёка не ўцячэш». Беларус, якога вызвалілі з працоўнага рабства на Урале, расказаў сваю гісторыю
Беларуса Вадзіма Жалязкага валанцёры руху «Альтэрнатыва» вызвалілі з працоўнага рабства ў Свярдлоўскай вобласці 21 лютага гэтага года. Як паведамілі актывісты ў сваім тэлеграм-канале, у траўні 2023 года ён па запрашэнні свайго швагра прыехаў у пасёлак Шадрыха пад Первауральскам на заробкі. Умовы былі простыя і зразумелыя: праца на пілараме, жыллё, ежа і 25 тысяч рублёў на рукі ў месяц. Але па прыездзе Вадзіма на Урал нешта пайшло не так. Як выйшла на самай справе, у беларуса распытала «Новая газета Европа».
30.03.2024 / 20:17
Вадзім Жалязкі
На ферме ў Свярлоўскай вобласці Вадзім прапрацаваў дзесяць месяцаў, двойчы спрабаваў бегчы і некалькі разоў быў жорстка збіты гаспадаром фермы. Гаспадара завуць Нвер Овсепян, яго тут усе ведаюць як «лепшага фермера Урала». Сам ён сцвярджае, што яго, маўляў, «абылгалі ў карыслівых мэтах».
Пры гэтым бізнэсовец прызнаў, што амаль не даваў беларусу грошай гатоўкай, толькі два-тры разы, затое, маўляў, купляў яму ежу і плаціў за яго аліменты. Увогуле ж, маўляў, работнік з Вадзіма быў ніякі: піў, губляў кароў і не выходзіў на працу. А ўмовы на ферме нібыта ўзорныя.
Вадзім Жалязкі, як адзначаюць журналісты, відавочна напалоханы і адказвае на пытанні неахвотна, праяўляе асцярожнасць, але ўсё ж некаторымі падрабязнасцямі падзяліўся:
«Мне абяцалі працу на пілараме, але ў выніку я трапіў на ферму.
Гэта быў сапраўдны кашмар: поўная антысанітарыя, жыццё ў бараку, пра жывёлу клапаціліся лепш, чым пра людзей. Кармілі, вядома, але ежа была адпаведная. Пра заробак ніхто ніколі не загаворваў. Можа, камусьці плацілі, але я пра гэта нічога не ведаю.
Нас было 12 чалавек, у асноўным усе мігранты: адзін узбек, сям'я таджыкаў з дзіцем, пяцігадовай дзяўчынкай, двое рускіх і гэтак далей. На нас — пяць чалавек аховы: сябры ці сваякі гаспадара фермы. Яны сачылі за намі і падслухоўвалі, калі хтосьці раптам пачынаў гаварыць пра ўцёкі.
Праца была прымусовай: хочаш не хочаш, а працаваць трэба, нават калі захварэеш. Працавалі ад сёмай раніцы да самага вечара, без выхадных. Я хутка зразумеў, што трапіў у рабства. Што грошай я не ўбачу і проста так сысці не змагу.
На гэтай ферме раней ужо працаваў мой былы швагер. Ён мяне і паклікаў. Сказаў, што яму патрэбен напарнік. Я пагадзіўся, шчыра кажучы, яшчэ і таму, што хацеў далей уцячы ад сямейных праблем. Да гэтага часу (травень 2023 года) швагер працаваў там ужо чатыры гады, мабыць, увесь гэты час проста не мог ці не хацеў вяртацца дадому. Але калі я прыехаў, ён прабыў там яшчэ тыдзень і збег: звярнуўся ў амбасаду Беларусі, уначы сабраў рэчы і збег.
Як высветлілася пазней, на гэтай ферме яму плацілі ад дзвюх да васьмі тысяч рублёў у месяц, а дакументы ў яго забралі. Я звязваўся з ім, калі ўжо быў на ферме, ён хацеў мне дапамагчы, але не змог нічога зрабіць.
Пазней я пытаўся ў яго: «Навошта ты мяне паклікаў?» Але ён не змог сказаць нічога талковага. Пасля гэтага мы больш не бачыліся і не размаўлялі. Я нават не ведаю, чым ён цяпер займаецца.
Я прасіў, каб мяне адпусцілі, але нават на пахаванне брата мне не дазволілі паехаць. У краму таксама не выпускалі: калі нешта трэба, напішы запіску, можа, купяць. Ні працоўнай дамовы, ніякіх іншых папер я не падпісваў.
За дзесяць месяцаў працы я яшчэ і павінен застаўся: заробак (абяцаныя 25 тысяч) дзялілі на ўсіх, з кім я працаваў. Адтуль жа адымалі за ежу і цыгарэты. Невялікія сумы пераводзілі маёй жонцы ў якасці аліментаў, але мне самому грошы не давалі, нібыта я іх «прап'ю».
На ферме бывалі паліцэйскія, я бачыў іх неаднаразова. Звычайна яны прыязджалі днём, проста ў форме, на белай «Ніве». Часцей за ўсё па два чалавекі. Прыязджалі, пілі каньяк, пяклі шашлык і з'язджалі. Яны ўсіх работнікаў бачылі, але, здаецца, ім было ўсё адно. Аўсепян сам казаў мне: звяртайся куды хочаш, мне пофігу, у мяне ёсць сувязі.
Калі мяне вызвалялі, з валанцёрамі прыехалі тыя ж самыя паліцэйскія, па-сяброўску размаўлялі з гаспадаром фермы. Увогуле, усе разумелі, што асабліва нікуды не ўцячэш. Зловяць або здадуць. Але ўсё адно спрабавалі.
Адзін раз збег мой сусед Міша. Дык яны вырашылі, што калі мы ў адным пакоі жывем, значыць я ведаю, што ў яго ў галаве. Некалькі дзён мяне білі і выпытвалі, дзе ён. Я казаў, што нічога не ведаю, але гаспадар фермы настойваў, каб я «сказаў праўду». І мяне працягвалі п*здзіць.
Аднойчы я згубіў карову. Усяго мяне білі як мінімум чатыры разы: рукамі, нагамі, трубамі. У Аўсепяна праблемы з суставамі, таму ён часам ходзіць на мыліцах. Імі ён мяне таксама біў. А ўдарыць у адказ я не мог: іх шмат было.
І потым кожны раз, калі хтосьці спрабаваў уцякаць, мяне «дапытвалі», прымушалі паказваць тэлефон, даведваліся, з кім я маю зносіны.
Апошнім, 19 лютага, незадоўга да майго вызвалення, уцякаў адзін таджык. Хлопец па імені Субхон. Ён спрабаваў сысці пешшу, але яго на паўдарозе дагналі… Добра, што жывы застаўся… Уяўляеце сабе старую драўляную табурэтку? Вагой, можа, кілаграмаў з пяць. Вось такім зэдлікам яго збілі. І мяне папярэдзілі: нават не думай уцякаць.
Уцякаць я спрабаваў неаднаразова. Спачатку швагер дапамагаў мне з планам уцёкаў, але нічога не выйшла. Мяне хутка знайшлі. У Расіі далёка не ўцячэш, тым больш пешшу, патрэбна машына.
У выніку мне дапамаглі незнаёмыя людзі, сябры па інтэрнэт-гульні. Яны пагадзіліся купіць мне квіток на цягнік Екацярынбург-Казань, каб я змог з'ехаць далей. Нават пагадзіліся мне таксі аплаціць проста да Екацярынбурга.
Заставалася тры гадзіны да цягніка, трэба было сыходзіць, і тут я зразумеў, што дакументы — пашпарт, вайсковы білет, пасведчанне кіроўцы — з маёй сумкі зніклі. Іх у мяне забралі, выцягнулі з сумкі гаспадары фермы, таму я так і не змог з'ехаць. Без пашпарта на цягнік не сядзеш.
Тады я стаў перабіраць іншыя варыянты: пасольства Беларусі, міграцыйную службу (УФМС) і гэтак далей. У паліцыю не было сэнсу звяртацца, яны б мяне здалі.
Яшчэ адным варыянтам былі валанцёры. Я сам іх знайшоў, напісаў: так і так, дапамажыце, але не чакаў, што яны адрэагуюць так хутка. Ужо праз пару дзён за мной прыехаў прадстаўнік «Альтэрнатывы», вялікі яму дзякуй, і прывёў з сабой паліцыю і журналістаў, мяне нават па тэлевізары паказалі».
Сляды пабояў на спіне Вадзіма Жалязкага, зафіксаваныя пасля вызвалення
Цяпер Вадзім Жалязкі вярнуўся да нармальнага жыцця: уладкаваўся на працу ахоўнікам, наладзіў адносіны з блізкімі і прызнаецца, што многае зразумеў пра жыццё.
«Такіх фермаў шмат. Я чуў размовы гэтых «начальнікаў» на ферме, якія абмяркоўвалі, дзе і як шукаць уцекачоў. Яны кажуць, што на Урале, у радыусе 150 кіламетраў, ёсць і іншыя рабаўладальнікі, якія маюць зносіны адзін з адным.
Бізнэс квітнее, таму што ўсё гэта далёка ад сталіцы, глухмень, ніякае начальства туды не даязджае. «Даць на лапу» [паліцыі] там значна прасцей, а людзей у акрузе амаль няма. Фактычна мы былі там адны.
Людзям патрэбная праца нармальная, жыллё, каб дзяржава гэты працэс кантралявала. Каб усё па законе было, ніякага падману і рукапрыкладства. Дам параду, як не патрапіць у такую сітуацыю: нікога не слухайце, працаваць трэба на сваім месцы, бліжэй да дома. Так больш надзейна. Вось цяпер у мяне ўсё добра: праца ёсць, халадзільнік поўны. Пакуль усё задавальняе (смяецца)».
Нвер Аўсяпян, гаспадар фермы, дзе працаваў Вадзім, сапраўды часта быў героем хвалебных тэлесюжэтаў і шчаслівым атрымальнікам грантаў на развіццё сельскай гаспадаркі. Сваю гаспадарку, сцвярджаюць мясцовыя СМІ, ён развіваў пачынаючы з 2000-х гадоў.
Першы сапраўдны поспех да яго прыйшоў у 2010 годзе, калі ў рэгіёне запусцілі дзяржпраграму «Сямейная малочная ферма». Нвер стаў адным з першых удзельнікаў гэтай праграмы і скарыстаўся сваім шанцам: адрамантаваў ферму, купіў малакавоз і сучаснае абсталяванне. А ў 2012-м прэса ўжо называла яго «найлепшым фермерам Урала».
Невядома, калі Аўсяпяну прыйшло ў галаву выкарыстоўваць на ферме прымусовую працу, але першыя сігналы пра гэта сталі паступаць яшчэ некалькі гадоў таму.
Чытайце таксама:
Валанцёры вызвалілі беларуса з рабства ў Свярдлоўскай вобласці Расіі
Валанцёры ў Дагестане вызвалілі з рабства беларуса, якога купілі за 400 даляраў
Валанцёры выратавалі беларуса з рабства ў Расіі і вярнулі яго да родных у Магілёў