Што рабіць? Рэдактар «Нашай Нівы» прапануе просты адказ
Гэты адказ розны для беларусаў унутры краіны і беларусаў замежжа. Для апошніх ён прапануе проста максімальна посціць, здымаць, каментаваць, выказвацца, што б ты ні чытаў і ні глядзеў.
31.03.2024 / 21:23
Выжыць пры таталітарным рэжыме і пры гэтым застацца беларусамі — няпростая задача. Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва
Часта людзі пытаюцца, што зараз рабіць, каб нешта памянялася — што рабіць у сітуацыі, калі лёс Беларусі ў меншай ступені залежыць ад нас, а ў большай — ад геапалітыкі. У сітуацыі, калі ў краіне ўмацоўваецца таталітарызм (Валер Карбалевіч дапускае, што да дна яшчэ далёка), а ва Украіне працягваецца вайна, ад выніку якой залежыць і лёс беларускай нацыі. Як выжыць пры таталітарным рэжыме і як нам пры гэтым застацца беларусамі?
«Гадаваць дзяцей, зберагаць маёмасць, зарабляць, рабіць сваю работу — гэта добра, гэта само сабой, — адказаў мне брат. — Але што я, што мы можам рабіць грамадска значнага тут і цяпер?»
На гэтае пытанне няма аднаго адказу для беларусаў унутры краіны і беларусаў за мяжою.
Беларусам унутры краіны галоўнае — зберагчы сябе, «захаваць жывую сілу», як сказаў прафесар Латышонак, гэта значыць, тая-такі формула «гадаваць, зберагаць, зарабляць, рабіць». А таксама падтрымліваць адзін аднаго («Каго любіш?» — «Дык узаемна») і захоўваць таемныя коды беларускасці, еўрапейскасці — першыя з якіх гэта працавітасць, гуманізм і сумленнасць. Выжыць пры таталітарным рэжыме і пры гэтым застацца беларусамі, еўрапейцамі.
У той жа час беларусы, якія апынуліся ў выгнанні ці эміграцыі, маюць, я лічу, дадатковы абавязак. Абавязак гаварыць і пісаць, прамаўляць у тым ліку і за тых, хто ўнутры краіны вымушаны маўчаць для самазахавання.
Лукашысты робяць усё, каб загнаць народ у маўчанне, каб гаварылі толькі яны, толькі азаронкі і бондаравы, і каб людзям здавалася, што іншых меркаванняў не засталося ўжо, што праўда ўжо змяшалася з гразёю так, што і не адрозніш.
СМІ робяць сваю работу, і роля СМІ цяпер найважнейшая, як напісаў Арцём Шрайбман. Але акрамя СМІ, гаварыць павінны і людзі.
Вось чаму самае простае, што я магу рабіць, — посціць, здымаць, каментаваць, выказвацца, што б я ні чытаў і ні глядзеў, тыкток, ютуб, форумы ці сайт «Нашай Нівы». І асабліва на «чужых платформах», бо марная справа — навяртаць ужо навернутых.
Я не займаюся прапагандай ці контрпрапагандай, хочацца быць вышэй за гэта, я проста рэагую на тое, што бачу і чытаю, я дапамагаю іншым разабрацца ў тым, у чым я сам разбіраюся. Мы ў такім моманце, калі грамадская думка павінна быць выказаная ўголас. Мала чытаць, трэба пісаць і здымаць. Выказанага (словамі, фотамі ці відэа), сказанага намі, кожным з нас не можа быць замнога. І гэтае самае простае, пасільнае кожнаму дзеянне адначасова дапамагае захоўваць і ўзбагачаць нашу мову і нашу прыналежнасць да беларускай супольнасці.
Вера павінна выражацца ў выказванні пры кожнай магчымасці — так я бачу формулу правільнага дзеяння сёння.