«Турэцкай» Southwind Airlines забаранілі лётаць над ЕС. Сённяшні рэйс з Мінска адменены

Усе рэйсы на красавік зніклі.

30.03.2024 / 12:27

У канцы мінулага года турэцка-расійская авіякампанія Southwind Airlines, звязаная з расійскім Pegas Touristic, пачала выконваць палёты па маршруце Мінск — Стамбул не праз Расію, а над тэрыторыяй ЕС.

Гэта было магчыма, бо авіякампанія была створана толькі ў 2022 годзе і на паперах заяўляла, што яны менавіта «турэцкая авіякампанія». Хаця фактычна адразу стала зразумела, што гэта не так. Бо за ёй стаіць уладальнік расійскага тураператара Pegas Touristik — Рамазан Акпынар, а сам флот авіякампаніі першапачаткова складаўся з самалётаў расійскай авіякампаніі Nordwind Airlines.

Цяпер жа сітуацыя з іх палётамі над ЕС рэзка змянілася, піша Motolkohelp.

Нідэрландскае авіяцыйнае таварыства паведамляе, што 28 сакавіка 2024 г. ЕС забараніў Southwind Airlines палёты з Турцыі ў ЕС і праз Еўрасаюз.

Гэта адбылося пасля таго, як Southwind Airlines падала заяўку ў Фінскае агенцтва транспарту і камунікацый (Traficom) на пачатак палётаў у Фінляндыю, але там ім адмовілі, бо ўбачылі, што авіякампанія насамрэч не турэцкая, а расійская.

«Мы прыйшлі да высновы, што авіякампанія і яе кантроль звязаныя з расійскімі зацікаўленымі бакамі», — сказаў гендырэктар Traficom.

Еўрапейскія авіяўлады ў Бруселі пагадзіліся з рашэннем Traficom і распаўсюдзілі яго на ўвесь ЕС.

Гэтае рашэнне ЕС адразу ж адбілася на Southwind Airlines

Апошні рэйс па маршруце Стамбул — Мінск над тэрыторыяй ЕС авіякампанія выканала 28 сакавіка. Наступны па тым жа маршруце (STW625) з 29 на 30 сакавіка праходзіў ужо над тэрыторыяй РФ.

А далей усё зусім незразумела. Самалёт, які прыляцеў у Мінск сёння ноччу, павінен быў вылецець назад у Стамбул у 01:35, але гэтага не адбылося — самалёт усё яшчэ ў Мінску, а яго вылет пазначаны як адменены.

Больш за тое, з сайта авіякампаніі зніклі з продажу ўвогуле ўсе білеты на далейшыя рэйсы ў/з Мінска.

Чытайце таксама:

Самалёт кампаніі Southwind Airlines першы раз прыляцеў са Стамбула ў Мінск

Расія стварыла падстаўную авіякампанію, каб перавозіць нелегальных мігрантаў у Еўропу праз Мінск

З Мінска ў Стамбул можна будзе даляцець на дзве гадзіны хутчэй, чым цяпер. Як такое магчыма?

Nashaniva.com