Абвінавачаныя ў тэракце ў «Крокусе» «прызналіся», што ехалі ў Кіеў па ўзнагароджанне
Абвінавачаныя ў здзяйсненні тэракту ў «Крокусе» паехалі ў бок расійска-ўкраінскай мяжы, нібыта кіруючыся інструкцыямі мужчыны, які каардынаваў іхнія дзеянні з дапамогай галасавых паведамленняў у Telegram, паведаміў расійскі Следчы камітэт.
29.03.2024 / 19:32
Адзін з затрыманых, Саідакрамі Мурадалі Рачабалізода, у Басманным судзе ў Маскве 24 сакавіка 2024 года. Фота: AP Photo/Alexander Zemlianichenko. Перад гэтым яму адрэзалі вуха, зняўшы гэта на камеру
«Па ўказанні каардынатара тэрарысты пасля здзяйснення злачынства на аўтамабілі паехалі ў бок расейска-ўкраінскай мяжы для наступнага яе перасячэння і прыбыцця ў Кіеў для атрымання абяцанага ім узнагароджання», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні Следчага камітэта.
Ці ёсць усяму гэтаму нейкія фактычныя доказы, а не толькі сведчанні падазраваных, не паведамляецца.
Варта адзначыць, што пасля таго, як падазраваных у тэракце затрымалі, расійскія сілавікі нават не рабілі выгляду, што следчыя дзеянні з імі абыходзяцца без прымянення жорсткіх катаванняў. Увесь свет абляцелі кадры, як падчас затрымання ва ўжо пакладзенага на зямлю чалавека адразаюць вуха і патрабуюць яго есці. Пасля прынамсі аднаго з затрыманых катавалі пры дапамозе электрычнага току, а на суд, які вырашаў пытанне аб арышце падазраваных на два месяцы, усіх іх прывезлі з выразнымі прыкметамі збіцця, а адзін з мужчын увогуле не мог самастойна рухацца.
Між тым, сёння Басманны суд Масквы адправіў пад арышт ужо дзявятага падазраванага ў тэракце. У матэрыялах справы гаворыцца, што затрыманы ён быў на наступны дзень пасля тэракту з-за нецэнзурнай лаянкі пры праверцы дакументаў. Спачатку мужчына атрымаў адміністрацыйны арышт, а крымінальны склад з'явіўся пазней.
Чытайце таксама: