З Польшчы выехаў расійскі пасол, хоць яго ніхто не выдаляў і не адклікаў
Пасол Расіі ў Польшчы Сяргей Андрэеў выехаў з Польшчы, паведаміў 27 сакавіка ў Рызе міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Пры гэтым ён не высланы польскімі ўладамі і не адкліканы расійскімі. «З таго, што я чуў, ён сам пакінуў нашу тэрыторыю», — адказаў Сікорскі на пытанне журналістаў, паведамляе RMF FM.
27.03.2024 / 23:09
Сергей Андрэеў. Фота: РІА «Новости»
У панядзелак Андрэеў быў выкліканы ў МЗС Польшчы ў сувязі з нядзельным інцыдэнтам, калі расійская ракета, якая атакавала цэль ва Украіне, на 39 секунд заляцела ў польскую паветраную прастору. У той жа дзень прэс-сакратар МЗС Павел Вроньскі паведаміў, што амбасадар так і не з'явіўся ў міністэрства.
Рашэнне расійскага дыпламата прызналі беспрэцэдэнтным, а МЗС Польшчы праз свайго прэс-сакратара заявіў, што Варшава «задаецца пытаннем, ці выконвае расійскі дыпламат інструкцыі Масквы і ці здольны ён належным чынам прадстаўляць інтарэсы Расіі ў Польшчы». Сам Андрэеў патлумачыў РІА «Новости», што лічыць візіт у польскае ведамства бессэнсоўным, бо Варшава, маўляў, не прадставіла ніякіх доказаў таго, што ракета, якая заляцела ў польскую прастору, сапраўды належала расейцам.
Сёння ў польскім МЗС удакладнілі, што расійскае пасольства перадало міністэрству ноту з інфармацыяй пра тое, што Андрэеў у найбліжэйшыя дні будзе знаходзіцца за межамі Польшчы.
Чытайце таксама:
Расійская ракета заляцела ў паветраную прастору Польшчы
Кіраўнік МЗС Польшчы ацаніў ініцыятыву Макрона: Пуцін будзе пытаць сябе, які наш наступны крок