Махляры сабралі персанальныя звесткі тысяч беларусаў замежжа. Як так атрымалася і прычым тут пашпарт Новай Беларусі?

На тэматычных хакерскіх форумах з'явілася база «Пашпарт Новай Беларусі», у якой нібыта ёсць звесткі больш чым пра 8 тысячаў беларусаў замежжа. Даведаліся, як маглі быць сабраныя гэтыя звесткі.

28.03.2024 / 08:00

Папярэдні дызайн «Пашпарта Новай Беларусі». Фота: belarus-passport.com

Мы праверылі даныя людзей з пробнай часткі спісу — такія людзі прынамсі існуюць. З адным з іх мы звязаліся, каб высветліць, як так атрымалася.

Мужчына расказаў, што аднойчы трапіў у фэйсбуку на старонку «Нацыянальны пашпарт Рэспублікі Беларусь», якая актыўна рэкламавалася ў сацыяльнай сетцы. У допісаў было шмат рэпостаў і лайкаў. Імаверна, частка з іх былі купленыя, але частка была ад рэальных людзей.

На старонцы было маляўнічае апісанне неймаверных перспектываў, якія дасць пашпарт Новай Беларусі.

Яна вяла на сайт, дзе прапанавалася даць свае звесткі: поўныя імя і прозвішча, краіну пражывання, адрас у гэтай краіне і адрас прапіскі, імёны сваякоў, якія таксама хочуць пашпарт, і прычыну выдачы пашпарта.

Чалавек, з якім мы гутарылі, сказаў, што сайт і старонка ў фэйсбуку былі зробленыя вельмі якасна і праўдападобна.

Цяпер усе гэтыя рэсурсы выдаленыя.

Намеснік Святланы Ціханоўскай па міжнародных справах Валер Кавалеўскі расказаў нам, што Пераходны кабінет і іншыя супольнасці дэмакратычных сілаў не маюць дачынення да той старонкі. І тым больш не выкарыстоўваюць назву «Рэспубліка Беларусь» у сваіх праектах.

Парады па тым, як абараніцца, сёння чытачам «Нашай Нівы» даў Валер Кавалеўскі:

«Па-першае, сачыце толькі за афіцыйнымі сацыяльнымі сеткамі Пераходнага кабінета і Офіса Святланы Ціханоўскай. Калі мы сапраўды пачнем апытанне, то будзе і відэа, і тэкставае суправаджэнне, і гэта будзе адначасова на ўсіх нашых афіцыйных рэсурсах.

Па-другое, мы ніколі не будзем патрабаваць персанальныя звесткі беларусаў падчас апытання. То-бок у анкеце не будуць пытацца ні імя ці прозвішча, ні дату нараджэння, ні фота ці адрасы беларусаў. Гэта будзе інфармацыя пра краіну жыхарства і патрэбы сям'і чалавека, а таксама прычыны атрымання пашпарту».

Прадаўцы сцвярджаюць, што сабралі звесткі больш за васьмі з паловай тысячаў беларусаў замежжа. Яны спрабуюць прадаць базу за $5 тысяч.

Пра спробы сабраць звесткі такім чынам паведамлялася і раней, але дагэтуль незразумела, хто за імі стаіць. Гэта можа быць працай або спецслужбаў, або прафесійных махляроў. Махляры часта ствараюць падробкі афіцыйных сайтаў установаў і праектаў, каб збіраць даныя людзей.

Чытайце таксама:

Кавалеўскі адказаў на восем гарачых пытанняў пра пашпарт Новай Беларусі

Спецслужбы збіраюць даныя пра беларусаў замежжа, робячы фэйкавыя анкеты для прэтэндэнтаў на пашпарт Новай Беларусі

«Кіберпартызаны» расказалі пра новы спосаб махлярства ў тэлеграме

Nashaniva.com