«Я будаўнік і не маю дачынення да ФСБ». Мужчына ў сінім з «Крокуса» расказаў пра сябе
Расійскае агенцтва ТАСС напісала пра аднаго з гледачоў канцэрта гурта «Пікнік» у канцэртным комплексе Crocus City Hall пад Масквой 22 сакавіка, які трапіў на відэа падчас тэракта і якога палічылі за супрацоўніка расійскіх спецслужбаў. Паводле слоў мужчыны, насамрэч ён працуе будаўніком і прыйшоў на канцэрт разам з дачкой.
27.03.2024 / 21:18
Скрыншот з відэа
«Мяне завуць Аляксей і ніякага дачынення да ФСБ ці нейкай сілавой структуры я не маю. Працую ў будаўнічай фірме», — сказаў мужчына.
Паводле яго слоў, ён быў на канцэрце з дачкой, а месцы іхнія знаходзіліся на балконе.
Раней у сеціве з'яўляліся публікацыі, у якіх сцвярджалася, што ў зале «Крокуса» знаходзіліся супрацоўнікі спецслужбаў з публікацыяй фатаграфіі некалькіх гледачоў, якія спакойна сядзелі на верхніх шэрагах, калі каля сцэны пачалася стральба. Сярод іх было фота Аляксея, якога прынялі за супрацоўніка ФСБ.
«Тое, што цяпер там пра мяне ўсякія карцінкі малююць у інтэрнэце, — гэта подла, нахабна. Увогуле то нават каментаваць гэта я сэнсу не бачу. Не разумею, якімі словамі можна лухту гэтую каментаваць», — сказаў ён сам.
Паводле ягоных словаў, ён з дачкой эвакуіраваўся з залы падчас страляніны з боку холу, і саміх тэрарыстаў не бачыў, «бо яны ў гэты момант увайшлі ў залу, а мы выйшлі з балкона ў хол на другім паверсе».
Чытайце таксама:
Што рабілі падазроныя мужчыны ў сінім падчас расстрэлу людзей у «Крокусе»?
95 чалавек лічацца зніклымі без вестак пасля тэракту ў «Крокус Сіці Холе»
Лукашэнка заявіў, што перадасць Пуціну звесткі аб «куратарах» тэракта ў «Крокусе»