Гігін вытлумачыў заявы Лукашэнкі ў Ашмянах: Беларусь не будзе нападаць на Польшчу. Расія, магчыма, таксама не будзе
Нагаворанае Лукашэнкам учора пад Ашмянамі падчас наведвання вайсковых лагераў узяўся аформіць у нешта звязнае адзін з вядомых прапагандыстаў, пакуль яшчэ дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі, але ўжо амаль дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вадзім Гігін. Прытым у вачах Гігіна ўсё там прамоўленае настолькі важнае і прынцыповае, што цягне ні больш і ні менш як на «Ашмянскую дэкларацыю».
27.03.2024 / 19:52
Фота: «Пул Первого»
Паводле інтэрпрэтацыі Гігіна, Лукашэнка хацеў сказаць, што ні Беларусь, ні, «паводле нашых звестак», Расія не маюць намераў нападу на Польшчу ці краіны Балтыі.
Але ў той жа час не толькі войска, але і ўсе беларускія сілавыя структуры гатовыя «даць рашучы адпор любому ваеннаму ўварванню на нашу тэрыторыю з боку НАТА альбо падкантрольных гэтаму агрэсіўнаму блоку структур». І сілы і сродкі для гэтага, маўляў, ёсць, а хто сунецца з правакацыямі — будзе знішчацца.
Вайскова-палітычны саюз з Расіяй, паводле «Ашмянскай дэкларацыі», «моцны як ніколі», і гэта пацвердзіла рэакцыя на нядаўні тэракт у Краснагорску пад Масквой. А касмічны палёт беларускі Марыны Васілеўскай «сведчыць не толькі пра трываласць расійска-беларускага саюза, але і пра наш настрой на мірнае і стваральнае развіццё».
Чытайце таксама:
Колькі Лукашэнку каштавала адправіць у космас сваю касманаўтку
Лукашэнка заявіў, што перадасць Пуціну звесткі аб «куратарах» тэракта ў «Крокусе»
Памеранскі шпіц Умка заслухаў, як беларускія генералы збіраюцца супрацьстаяць Захаду ФОТА
Лукашэнка настойліва руйнуе пуцінскую тэорыю пра ўкраінскі след у тэракце ў «Крокусе»