«Яна вучыць любіць Беларусь». Выйшла кніга з 4000 фотаздымкаў беларускай прыроды
У «Новым тэатры» Варшавы прайшла прэзентацыя кнігі «Кут», якая змяшчае чатыры тысячы фотаздымкаў дзікай прыроды Беларусі і гісторыі пра кожны з іх. За выданнем стаіць дзесяцігадовае фотапаляванне на звяроў, незвычайныя беларускія мясціны, нетрывіяльныя ракурсы. «Кніга можа змяніць успрыманне Беларусі», — кажуць аўтары. Чаму гэта так, у чым канцэпт кнігі, якія складанасці былі ў працы, удзельнікі праекта расказалі на прэзентацыі, піша Budzma.org.
21.03.2024 / 21:50
Разварот кнігі «Кут»
Над кнігай працавала каманда з фатографаў Вячаслава і Аляксея, дызайнера Змітра і рэдактаркі Вольгі — яны зрабілі яе цалкам самі, не звяртаючыся па дапамогу да выдавецтваў.
Вячаслаў і Аляксей, інжынеры па адукацыі, аматары фатаграфіі з ранняга дзяцінства, яшчэ ў школе вучыліся праяўляць стужкі і друкаваць здымкі.
Прэзентацыя праекта «Кут»
Вячаслаў расказвае, што захапляўся фатаграфіямі зямлі. У пэўны момант стала не хапаць ракурсаў, таму ён задумаўся над тым, як можна падняць камеру ў паветра. Упершыню паспрабаваў у бабулі на вёсцы, намагаючыся прыстасаваць звычайную вэб-камеру да паветранага змея — вядома, нічога не атрымалася. Ва ўніверсітэцкія часы набыць дроны было немагчыма, таму як студэнт-праграміст Слава сам навучыўся іх рабіць.
«Калі атрымалася падняць камеру ў паветра на самаробным дроне, адбыўся проста ваў-эфект — я ўбачыў, якая прыгожая Беларусь зверху», — узгадвае ён.
Каб высветліць, дзе знайсці незвычайныя куткі для фатаграфіі, Слава выкарыстоўваў спадарожнікавыя мапы. Яны дапамагалі даведацца, ці будзе разліў на Прыпяці, каб зняць дрэва ў вадзе — адзін з самых цікавых кадраў у кнізе. Незвычайна і асабліва кранальна выглядаюць здымкі мясцін у форме сэрца.
Фатографы паказваюць гледачам здымак вострава ў форме сэрца
«Пры дапамозе Google-мапаў я заўважыў возера, якое ці то падобна на сэрца, ці то не. Я вырашыў паехаць і агледзець яго на месцы — яно знаходзіцца ў Віцебскай вобласці, у трох гадзінах язды ад Мінска. Высветлілася, што толькі ў цэнтры над возерам можна ўбачыць гэта сэрца, а з іншых ракурсаў — возера як возера, — расказвае фатограф.
— Чарговае сэрца недалёка ад Мінска атрымалася не зверху, а крыху збоку справа. Калі падляцець проста зверху, сэрца не будзе бачна. Я знаходжу на спадарожнікавай мапе пункт, разглядаю мясцовасць у розныя поры года і потым еду. Гэта не фоташоп — прырода сама малюе такія дзіўныя карціны».
Балота. Здымак з кнігі
Марай Славы быў здымак адзінокага дома ў полі. Шмат часу сышло на вывучэнне мапаў, але нічога не знаходзілася. Тады ён пачаў выкарыстоўваць адкрытыя даныя — знайшоў асобна ўсе палі і будынкі, перасек іх і атрымаў некалькі варыянтаў. Аказалася, што большасць гэтых дамоў ужо разбураныя, але на адзін будынак усё ж атрымалася натрапіць.
Фатографы кажуць, што самым складаным было прачынацца ў час, калі яшчэ на дзень не займалася, і ехаць невядома куды, каб сустрэць світанак. Бывала, машына захрасала ў глыбокіх лужынах, прыходзілася бегчы ў найбліжэйшую вёску і прасіць мясцовых, каб дапамаглі яе выцягнуць.
Гісторыі ў кнізе «Кут»
«Звычайна трактарысты, якія прыходзілі на дапамогу, пыталіся, ці ўсё з намі нармальна — навошта ехаць у такую далеч, каб проста зрабіць здымкі сонца. Часам лезлі праз ваду — нейкім цудам удавалася не ўтапіць фотатэхніку. Калі такое ўсё ж такі здаралася, лічылі, што аддалі рэч на карысць духаў гэтага месца.
Прыходзілі думкі, ці варта ўсё гэта рабіць. Але ўзгадвалі прыгажосць, якую ў гэты момант бачылі толькі мы, і разумелі, што ўсё недарма. Такія паездкі таксама запамінаюцца сустрэчамі, шпацырамі і размовамі з сябрамі, — дзеліцца ўражаннямі Аляксей. —
Чаму варта здымаць світанак, калі можна было б задаволіцца кадрамі заходу сонца? Раніцай паветра больш вільготнае, святло рассеянае, з’яўляецца шмат паўтонаў. Увечары паветра сухое, і святло кантраснае. І ўвогуле: заход для ўсіх, а світанак — толькі для цябе».
Камбайн у полі. Здымак з кнігі
Сябар фатографаў Зміцер займаўся кнігамі, а Слава марыў зрабіць кнігу пра Беларусь на працягу пятнаццаці гадоў, але не ведаў, як да яе падступіцца. У выніку «Кут» рабілі год — непасрэдна вялася праца над дызайнам і праектам кнігі. Было дзесяць тысяч фотаздымкаў, у выніку выкарысталі чатыры тысячы.
Дызайнер дзеліцца ўражаннямі ад працы над кнігай
Акрамя фотаздымкаў, у кнізе ёсць тэксты. Спачатку гэта здаецца невідавочным — ёсць прыгожыя кадры, навошта штосьці чытаць?
«Гісторыі — гэта вельмі важна, бо варта разумець, што стаіць за здымкамі. Напрыклад, аднойчы хлопцы пайшлі здымаць аленяў, і насустрач ім выйшла пара ваўкоў. Сябры спрабавалі рабіць кадры, не думаючы пра бяспеку. За хвіліну яны знялі некалькі фота, а потым вырашылі паводзіць сябе максімальна гучна, каб спужаць звяроў.
Захапляе, колькі часу і намаганняў патрабуецца для здымкаў дзікай прыроды — невядома, ці выйдзе ўвогуле звер з лесу. З іншага боку, атрымліваецца сапраўдная медытацыя: тры гадзіны сядзіш у полі, няма доступу да сацсетак і ўвогуле мабільнай сувязі — толькі ты і прырода», — тлумачыць рэдактарка Вольга.
Крэйдавы кар'ер. Здымак з кнігі
Каля дзесяці гадзін у суме сышло на тое, каб паразмаўляць пра кожны здымак і яго гісторыю. Спачатку пачыналі пісаць тэксты ад трэцяй асобы, потым зразумелі, што ім не хапае выразнасці, і перарабілі іх у дыялогі.
«Кніга можа змяніць успрыманне Беларусі. Я не шмат ездзіў па краіне, на прыроду глядзеў без асаблівай цікавасці. А потым некалькі разоў ездзіў з сябрамі на фотапаляванне, паглядзеў на вогненны світанак, адчуў, што такое чакаць звера ў полі. Калі цяпер бачу фота лася, якое спачатку хацеў выдаліць, адчуваю тыя эмоцыі, якія адчувалі хлопцы, калі здымалі яго.
Наша кніга — гэта магчымасць паглядзець на Беларусь іншымі вачыма, яна вучыць любіць Беларусь», — кажа Зміцер.
Вокладка кнігі «Кут»
Стваральнікі кнігі расказваюць, што назва «Кут» з’явілася выпадкова. Кожны беларус у школе вучыў на памяць урывак з верша Якуба Коласа і ведае радкі: «Мой родны кут, як ты мне мілы…». Падумалася, што назва ідэальна адпавядае і гэтым радкам, і праекту, які нарэшце атрымаўся.
Чытайце таксама:
У Беларусі ёсць дзве ракі, па плыні якіх можна даплысці ў Санкт-Пецярбург і Эстонію. Што за яны?