Дэпутаты зацвердзілі законапраект, які дабʼе прадпрымальнікаў. Іх хочуць зрабіць юрасобамі
Парламент прыняў папраўкі, паводле якіх індывідуальныя прадпрымальнікі павінны перарэгістравацца ў юрыдычныя асобы да 31 снежня 2025 года. Рэгістрацыю ІП з 1 кастрычніка 2024 года фактычна спыняць.
21.03.2024 / 15:12
Палата прадстаўнікоў Беларусі прыняла ў другім чытанні папраўкі ў заканадаўства па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці, паведамляе прэс-служба ніжняй палаты парламента.
Законапраект замацоўвае новыя падыходы да рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці і вызначае новую структуру бізнесу, якая будзе складацца з дзвюх катэгорый:
— юрыдычныя асобы, у ліку якіх вылучаюцца малыя (з колькасцю працуючых да 100 чалавек), сярэднія (з колькасцю да 250 чалавек) і буйныя (з колькасцю звыш 250 чалавек) камерцыйныя арганізацыі;
— фізічныя асобы, якія будуць мець права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю ў якасці рамесніка, уладальніка аграэкасядзібы, індывідуальнага прадпрымальніка, а таксама самастойна весці прафесійную дзейнасць.
Абмяжоўваюцца віды дзейнасці, якія змогуць ажыццяўляць індывідуальныя прадпрымальнікі. Іх пералік будзе ўстанаўлівацца ўрадам зыходзячы з эканамічнай мэтазгоднасці. Гэты спіс невядомы.
Па відах дзейнасці, якія не ўвайшлі ў названы пералік:
— з 1 кастрычніка 2024 года ўводзіцца забарона на рэгістрацыю новых індывідуальных прадпрымальнікаў;
— устанаўліваецца абавязак пераходу дзейных на момант прыняцця законапраекта індывідуальных прадпрымальнікаў у юрыдычныя асобы (да 31 снежня 2025 года).
Паводле прэс-службы, прадугледжваецца перагляд відаў дзейнасці, якія будуць даступныя для ажыццяўлення рамеснікам і самазанятым грамадзянам. Такія віды дзейнасці будуць вызначацца ўрадам.
Гэты закон зараз павінен адобрыць Савет Рэспублікі, затым ён будзе перададзены на подпіс Лукашэнку.
Чытайце таксама:
ІП цяпер змогуць падаваць дэкларацыі толькі ў электронным выглядзе