КДБ вырабіла пашпарт «Новай Беларусі» для экс-начальніка следчага ўпраўлення Магілёва

Учора ў сюжэце АНТ паказалі, як сцвярджалася, пашпарт «Новай Беларусі», выдадзены выдуманаму кадэбісту. Пры дэталёвым разглядзе ў ім было шмат дэталяў, якія паказвалі на несапраўднасць дакумента. Сёння ж паказалі іншы «дакумент» — ужо на рэальнага сілавіка, але былога.

20.03.2024 / 21:47

У сённяшнім сюжэце паказалі нібыта пашпарт «новай Беларусі» на Дзмітрыя Кірылавіча Шышкова, 1967 года нараджэння. Той, як кажуць, замовіў яго, будучы ў Беларусі.

Па інфармацыі «Белпола», перададзенай «Нашай Ніве», Шышкоў Дзмітрый Кірылавіч — былы следчы. У 2010-м быў пастаўлены начальнікам следчага ўпраўлення УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Пазней яго адправілі працаваць у Следчы камітэт.

Апошняе месца працы — інфармацыйнае агенцтва «Магілёўскія ведамасці». Праўда, матэрыялаў за яго подпісам не адшукаць. Магчыма, у агенцтве Шышкоў адказваў за бяспеку.

Звяртае ўвагу, што ў «пашпарце» прозвішча Шышкова па-беларуску напісалі з памылкай — пра рускую «и».

У эфіры АНТ кажуць, што Шышкова звольнілі адтуль за палітычныя погляды ў 2023-м. Прапагандыст Ігар Тур пагражае яму арыштам і крымінальнай справай.

Галоўны рэдактар «Магілёўскіх ведамасцяў», дарэчы, Ірына Петрусевіч — маці маладой прапагандысткі Віталіны Петрусевіч, якая гатовая бясконца прызнавацца ў любові Лукашэнку.

Адзначым, што нават калі б пашпарт «Новай Беларусі» ўжо выдавалі, то замаўляць яго ўнутры краіны не мае сэнсу — гэты дакумент быў прыдуманы для тых, хто не можа вярнуцца ў краіну, каб працягнуць свой афіцыйны беларускі пашпарт.

Чытайце таксама:

«Мы наўмысна дадалі шэраг «пасхалак». Фэйкавы пашпарт «Новай Беларусі» ад КДБ пракаментаваў спецыяліст, які над ім працуе

АПК: Ідзе фэйкавая рассылка наконт пашпарта новай Беларусі для збору даных

Што не так з пашпартам «Новай Беларусі» для кэдэбіста, паказаным на АНТ

На АНТ паказалі пашпарт «Новай Беларусі» на імя неіснуючага кэдэбіста. Кавалеўскі: У нас яшчэ нават няма ўзораў

Nashaniva.com