У Расіі пад іншым брэндам аднавілі выпуск папулярных у нас бюджэтнікаў Hyundai i КІА. Новая назва і цэны
На заводзе ў Санкт-Пецярбугу, дзе да 2022-га выраблялі Hyundai і Kia, зноў пачалі выпускаць папулярныя ў беларусаў аўтамабілі карэйскіх брэндаў КІА і Hyundai. Праўда, выпускаць іх будуць пад шыльдзікамі Solaris.
21.03.2024 / 10:40
Hyundai Solaris/Accent. Фота: Hyundai
Як карэйскі аўтавытворца «сышоў» з Расіі
Да прыпынення працы з 1 сакавіка 2022 года на расійскім заводзе Hyundai выпускалі чатыры мадэлі аўто: Hyundai Solaris, Hyundai Creta, Kia Rio і RioX.
У 2021 годзе Kia Rio займала трэцяе месца па продажах новых аўто ў Беларусі, дзве мадэлі Hyundai — Creta і Accent — 10-е і 12-е месцы адпаведна.
Амаль праз два гады пасля спынення працы стала вядома, што карэйцы прадалі 100% актываў расійскай кампаніі «Арт-Фінанс».
Апроч змены ўласніка і назвы юрыдычнай асобы, змянілася і марка аўтамабілей, якія будуць выпускаць на заводзе. Але іншыя толькі назва і шыльдзікі.
Як і раней, на заводзе будуць выпускаць тыя самыя мадэлі аўто, толькі ўжо пад брэндам Solaris. Над назвай новага брэнду асабліва не замарочваліся. Так называлася папулярная мадэль Hyundai, якая ў Беларусі прадавалася пад назвай Accent.
Новыя назвы выглядаюць так: Solaris HS — замест Hyundai Solaris, Solaris HC — гэта Hyundai Creta, Solaris KRS будзе былы KIA Rio Sedan, а Solaris KRX заменіць KIA Rio X. З візуальнага і тэхнічнага пункту гледжання гэта тыя ж аўто.
Новыя цэны
Першымі ў продаж павінен паступіць седан Solaris HS. У Расіі попыт на гэтыя машыны настолькі вялікі, што першая партыя аўто была распрададзена за адзін дзень. У Расіі цэны на Solaris HS (Hyundai Accent) у залежнасці ад камплектацыі вагаюцца ў межах 1,9 — 2,3 млн расійскіх рублёў. Гэта ад 20 000 да 24 000 даляраў.
Таксама вядомыя цэны на Solaris HC (Hyundai Creta). Карэйска-расійскія паркетнікі будуць прадаваць па цэнах ад 2,9 да 3,2 мільёна расійскіх рублёў. Гэта каля 30 500—33 700 даляраў ЗША).
Solaris HC (былы Hyundai Creta). Фота: agr.auto
Калі новы брэнд з'явіцца ў Беларусі?
Дата прыходу карэйскіх аўтамабіляў расійскай вытворчасці, што выпускаюцца пад новым брэндам, у нашу краіну пакуль невядомая.
Беларускія дылеры Hyundai кажуць, што не варта чакаць хуткага вяртання раней вядомых мадэляў на наш рынак. А калі гэтыя аўто і з'явяцца ў афіцыйным продажы, то іх рэалізацыя будзе адбывацца не ў салонах Hyundai, а прадавацца асобна, паколькі фармальна гэта іншы брэнд.
Завод Hyundai з поўным вытворчым цыклам запусцілі ў Санкт-Пецярбургу ў 2010 годзе.
Паводле афіцыйных звестак, тэхналагічны працэс прадпрыемства ўключае ў сябе штампоўкі буйных кузаўных панэляў, зварку, афарбоўку кузава і зборку гатовага аўтамабіля.
Чытайце таксама:
«Без ільгот!» У Беларусі пачалі прадаваць машыны, размытненыя адмыслова для перагону ў Расію
Еўрапейскі суд зняў санкцыі з «Белшыны»
Як змяніліся тэрміны і цэны на дастаўку грузаў з Еўропы ў Беларусь пасля закрыцця двух пунктаў пропуску?