«Расія — гэта бензакалонка з арміяй. І мы маем намер знішчыць гэтую бензакалонку»

Удары ўкраінскіх дронаў па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах азначаюць новую фазу ваеннага канфлікту. Якія наступствы гэта можа мець?

20.03.2024 / 12:25

Фота: Anton Petrus / Getty Images

Як піша Bloomberg, змаганне Украіны з Расіяй уступіла ў новую фазу: беспілотныя лятальныя апараты супраць 2000-кіламетровай паласы нафтавых аб'ектаў, якія ў асноўным пабудаваныя ў савецкія часы.

Сёлета былі паспяхова атакаваны сама меней дзевяць буйных нафтаперапрацоўчых заводаў, што, паводле некаторых ацэнак, вывела са строю 11% усіх расійскіх магутнасцяў. Па меры таго як сітуацыя на фронце змяняецца на карысць Масквы, кампанія з выкарыстаннем беспілотнікаў становіцца ключавым элементам абароны Украіны — як па сваім сімвалізме, так і па стратэгічных мэтах.

Яна дае Кіеву магчымасць пракрасціся ўглыб расійскай тэрыторыі і нанесці ўдар па галіне, якая мае вырашальнае значэнне для ваенных намаганняў Крамля, забяспечваючы як пастаўкі паліва для ўзброеных сіл, так і прыток нафтадаляраў у бюджэт.

«Расія — гэта бензакалонка з арміяй, і мы маем намер знішчыць гэтую бензакалонку. Мы збіраемся засяродзіцца на тым, дзе гэта ўдарыць мацней за ўсё, а менавіта на фінансавых рэсурсах»,

— цытуе Bloomberg словы сузаснавальніка і галоўнага выканаўчага дырэктара амерыканскай кампаніі-вытворцы беспілотнікаў Terminal Autonomy з вытворчымі магутнасцямі ва Украіне Франсіска Сера-Марцінса (Francisco Serra-Martins).

Даказаная эфектыўнасць

Як адзначае выданне, усяго шэсць тыдняў таму ўрад у Кіеве з мэтай нарошчвання магчымасцяў абароны шляхам выкарыстання беспілотных і робатызаваных паветраных, марскіх і наземных сістэм стварыў новы род войскаў — Сілы беспілотных сістэм. Да гэтага моманту Узброеныя сілы Украіны ўжо выкарысталі гэтыя тэхналогіі з вялікім поспехам, знішчыўшы некалькі суднаў Чарнаморскага флоту Расіі і пашкодзіўшы нафтавы абʼект на Балтыйскім моры.

Да сярэдзіны лютага ў выніку атак беспілотнікаў былі пашкоджаны пяць нафтаперапрацоўчых заводаў. Адразу пасля гэтага Расія забараніла экспарт бензіну з 1 сакавіка па 31 жніўня, каб забяспечыць дастатковыя ўнутраныя пастаўкі напярэдадні сезоннага росту попыту.

«Мы не абмяжоўваемся выключна лініяй фронту, мы таксама выконваем свае задачы на моры і ў глыбокім тыле ворага. Мы не збіраемся спыняцца», — цытуе выданне словы кіраўніка Службы бяспекі Украіны Васіля Малюка, сказаныя 12 сакавіка.

У той жа дзень пачалася другая хваля атак дронаў, якія нанеслі шкоду некаторым буйным нафтаперапрацоўчым заводам Расіі ў Ніжнім Ноўгарадзе і Разані. Нягледзячы на некалькі спробаў, беспілотнікам пакуль не ўдалося нанесці ўдар па нафтаперапрацоўчым заводзе «Сургутнафтагазу» у Кірышах — ключавым абʼекце на ўзбярэжжа Балтыйскага мора, які вырабляе паліва ў асноўным на экспарт.

Серыя нападаў прывяла да рэзкага росту коштаў на бензін і дызельнае паліва на Санкт-Пецярбургскай міжнароднай таварна-сыравіннай біржы, хоць кошт паліва ў Расіі практычна не змяніўся. За межамі краіны нафтавы рынак прадэманстраваў стрыманую рэакцыю, нягледзячы на статус Расіі як буйнага экспарцёра.

Сітуацыя можа змяніцца, калі ўкраінскім беспілотнікам удасца вывесці са строю нафтаперапрацоўчы завод у Кірышах, што патэнцыйна пазбавіць краіну вытворчасці каля 150 тысяч барэляў у дзень дызельнага паліва, прызначанага ў асноўным для экспарту. Рынкі нафты могуць адрэагаваць яшчэ мацней, калі Кіеў пачне атакаваць асноўныя расійскія нафтаэкспартныя тэрміналы ў Балтыйскім ці Чорным морах.

Мэты нападаў

«Калі б Украіна хацела ўзмацніць ціск на даходы расійскай нафтаперапрацоўкі, яна б нацэлілася на ключавую інфраструктуру тэрміналаў па экспарце прадукцыі ў партах Прыморска або Наварасійска. <…> Аднак гэта яшчэ больш ускладніць адносіны з заходнімі саюзнікамі, паколькі ўплыў на сусветныя цэны на нафту і нафтапрадукты будзе істотным»,

— цытуе Bloomberg дырэктара па даследаваннях кансалтынгавай кампаніі Wood Mackenzie Ltd Марка Уільямса (Mark Williams).

Пакуль што ўкраінскія беспілотнікі нацэлены выключна на тое, каб аказаць эканамічнае ўздзеянне на Расію — перашкодзіць ёй перапрацоўваць нафту ў паліва і аслабіць яе супрацьпаветраную абарону.

Як тлумачыць Сера-Марцінес, па сутнасці, гэта новая форма вайны на знясіленне. Беспілотнікі спраектаваны як недарагія і аднаразовыя, а ракеты расійскіх сістэм СПА могуць каштаваць у 40 разоў даражэй за беспілотнікі, на якія яны нацэлены. Нават калі дроны будуць збітыя, гэта ўсё роўна будзе эканамічны выйгрыш.

Як распавёў выданню на ўмовах ананімнасці іншы вытворца беспілотнікаў, напады пераследуюць і псіхалагічную мэту. Маскоўская прапаганда спрабуе прымусіць сваіх грамадзян забыцца, што краіна знаходзіцца ў стане ваеннага канфлікту, але доўгія чэргі на запраўках прыўнясуць ваенную рэальнасць у іх паўсядзённае жыццё.

Па словах крыніц, у мінулым месяцы Масква разглядала план па спрашчэнні размяшчэння сістэм СПА на нафтаперапрацоўчых заводах. Гаворка можа ісці аб комплексах «Панцыр».

Міністр па інавацыях, развіццю адукацыі, навукі і тэхналогій Украіны Міхаіл Фёдараў, у чые абавязкі таксама ўваходзіць кантроль за вытворчасцю лятальных апаратаў, кажа, што з кожным месяцам у УСУ будзе ўсё больш беспілотнікаў, якія працуюць над тэрыторыяй Расіі.

«Гэта будзе беспрэцэдэнтная колькасць беспілотнікаў далёкага радыусу дзеяння».

Чытайце яшчэ:

Ноччу адбылася маштабная атака БПЛА на Расію. Гарэў чарговы НПЗ

На Сызранскім НПЗ адбыўся пажар. Завод атакавалі беспілотнікі

Беспілотнікі атакавалі нафтаперапрацоўчы завод у Калужскай вобласці Расіі

Антось Жупран