Мінінфарм асудзіў блакіроўку беларускіх СМІ, але гэта не тое, пра што вы падумалі
Міністэрства інфармацыі асуджае блакаванне сайтаў беларускіх СМІ ў Латвіі.
19.03.2024 / 12:16
Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў. Фота: Міністэрства інфармацыі
«Прынятае Нацыянальнай радай па электронных СМІ Латвіі рашэнне аб закрыцці доступу да сайтаў ont.by беларускага тэлеканала АНТ і sb.by выдавецкага дома «СБ. Беларусь сегодня» Мінінфарм расцэньвае як недапушчальныя дзеянні, накіраваныя на абмежаванні свабоды слова і мэтанакіраванае пазбаўленне латышскіх грамадзян права на атрыманне поўнай і аб'ектыўнай інфармацыі», — паведамляе ведамства ў сваім тэлеграм-канале.
Рашэнне аб заблакаванні на тэрыторыі Латвіі беларускіх дзяржаўных выданняў АНТ і «СБ. Беларусь сегодня» прыняла ўчора Нацыянальная рада па электронных СМІ.
Разам з сайтамі беларускіх дзяржаўных выданняў латвійскія ўлады таксама прынялі рашэнне заблакаваць на тэрыторыі краіны некалькі расійскіх сайтаў — life.ru, russkie.org, x-true.info, mk-pskov.ru і іншыя.
З лета 2020 года Міністэрства інфармацыі Беларусі заблакавала дзясяткі інфармацыйных рэсурсаў.
За кратамі знаходзяцца тры з паловай дзясяткі журналістаў, некаторыя з іх прыгавораныя да гіганцкіх тэрмінаў, як Ігар Лосік (15 гадоў), Андрэй Аляксандраў (14 гадоў), Эдуард Пальчыс (13 гадоў), Марына Золатава (12 гадоў).
Чытайце таксама:
У Латвіі заблакавалі сайты «Саўбелкі» і АНТ
Віцэ-прэм'ер Петрышэнка паставіў амбітныя задачы перад дзяржаўнымі СМІ