Жыхара Івацэвічаў асудзілі на паўтара года «хіміі» за каментар у бок міліцыянта

У судзе Івацэвіцкага раёна 19 лютага асудзілі Максіма Гурыновіча паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады). Суддзя Сяргей Кухацкаволец прызначыў Максіму паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хіміі») і штраф 50 базавых (2000 рублёў).

18.03.2024 / 14:29

Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён у «Аднакласніках» у групе «Белсат» пакінуў каментар пад фотаздымкам міліцыянта, які ў Івацэвічах займаецца эканамічнымі злачынствамі. Суд палічыў каментар абразлівым, піша «Вясна».

На судзе Максім паведаміў, што ў адной з груп у сацсетцы ён прачытаў пра жанчыну, якая сама гадуе непаўналетняе дзіця. Ёй прысудзілі два гады «хатняй хіміі» і штраф за «абразлівы сімвал» пад фотаздымкам міліцыянта.

Гэта абурыла Максіма і ён пакінуў каментар у бок міліцыянта К. у «Аднакласніках». У 2020 годзе падчас пратэсных акцый «абражаны» міліцыянт у Івацэвічах быў прызначаны займацца аховай грамадскага парадку.

Міліцыянт запрасіў матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды 2000 рублёў.

Тэлефон мужчыны канфіскавалі як «сродак здзяйснення злачынства».

Максім Гурыновіч цалкам прызнаў віну. Да суда ён знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе. Мужчына мае сярэднюю адукацыю, ездзіць у Расію на заробкі.

Чытайце таксама:

Беларусу на мяжы сказалі, што ў яго «вісіць» данат «экстрэмістам»

У Гродне АМАП за ўдзел у пратэстах затрымалі дальнабойшчыка, які вярнуўся з Польшчы

Былога палітвязня затрымалі, калі ён прыйшоў адзначацца ў міліцыю

Nashaniva.com