Два васьмікласнікі вырашылі пазабаўляцца — зараз іх чакае суд за злоснае хуліганства
У суд накіравана крымінальная справа ў дачыненні да 14-гадовых падлеткаў, якіх абвінавачваюць у злосным хуліганстве, распавялі карэспандэнту «Мінск-Навіны» ў пракуратуры Фрунзенскага раёна.
18.03.2024 / 11:38
У той вечар адзін з абвінавачаных зайшоў у госці да свайго аднакласніка, які пражывае ў гмаху на вул. Люцынскай. Спачатку хлопцы бавілі час за кампʼютарнымі гульнямі, а пасля госць засумаваў і прапанаваў «павесяліцца», скідаючы пакеты з вадой з балкона 17-га паверха. Другі падлетак ідэю падтрымаў.
Хлопцы ўзялі па два фасовачныя пакеты і да паловы напоўнілі іх вадой, пасля чаго, завязаўшы, скінулі з балкона. Адзін з іх трапіў у лабавое шкло прыпаркаванага аўтамабіля.
Праз некалькі дзён падлеткі зноў вырашылі пазабаўляцца такім жа чынам.
Спачатку яны напаўнялі пакеты вадой, а пасля — супам і фекаліямі. Адзін з іх прызямліўся на аўтамабіль, які стаяў унізе, спрацавала сігналізацыя.
У выніку былі пашкоджаны два аўтамабілі маркі Renault і Volkswagen Transporter. Агульная сума прычыненай іх уладальнікам шкоды склала 4700 рублёў. На непаўналетніх распачалі крымінальную справу.
— Абвінавачаныя — навучэнцы 8-га класа адной са сталічных школ, раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваліся, — пракаментаваў намеснік начальніка пракуратуры Фрунзенскага раёна Андрэй Сербун. — Ім прадʼяўлена абвінавачанне ва ўчыненні наўмысных дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства, якія суправаджаюцца пашкоджаннем чужой маёмасці, якія адрозніваюцца па сваім змесце выключным цынізмам, учыненых групай асоб (злосным хуліганстве), гэта значыць у злачынстве, прадугледжаным ч. 2 арт. 339 КК Рэспублікі Беларусь.
Гэтым артыкулам прадугледжана пакаранне — арышт або абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін ад аднаго да шасці гадоў.
Абодва абвінавачаныя віну прызналі, у зробленым раскаяліся. Нанесены пацярпелым матэрыяльныя страты поўнасцю кампенсаваны.
Чытайце таксама:
У Жодзіне затрымалі школьніка, які спыніў таварны цягнік
У Шклове мужчына пагражаў зарэзаць падлетка, які не даў яму свой тэлефон