У 1959 годзе на Гомельшчыне чацвёртакласнікі пайшлі на суботнік — і амаль увесь клас загінуў. Успамінаем трагедыю

Пра гэтую страшную трагедыю, якая здарылася ў БССР 65 гадоў таму, цяпер мала хто памятае. 26 кастрычніка 1959 года ў вёсцы Маладуша, што ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці, падчас школьнага суботніка выбухнула нямецкая супрацьтанкавая міна. Загінуў амаль увесь чацвёрты клас мясцовай школы — 13 вучняў — і іх класная кіраўніца. «Люстэрка» ўспамінае падрабязнасці таго, што тады адбылося.

17.03.2024 / 13:32

Фатальны суботнік

Другая сусветная вайна не пашкадавала Маладушы. Да пачатку баявых дзеянняў там жыло амаль паўтары тысячы чалавек. Але нацысты спалілі вёску, яшчэ 91 яе жыхар загінуў на фронце. У баях за вызваленне Маладушы палеглі 165 савецкіх салдат і партызан — а суседняя вёска восем разоў пераходзіла з рук у рукі.

Загінулых падчас баёў людзей пахавалі на ўскраіне Маладушы. Два мемарыялы, размешчаныя недалёка адзін ад аднаго, пастаянна даглядалі мясцовыя жыхары. Да 1959 года ў населеным пункце жыло 750 чалавек, быў лесапільны завод і мінімальная інфраструктура (ад школы і бібліятэкі да клуба і фельчарскага пункта).

Паводле Паўла Мядзведзева (аднаго з лічаных дзяцей, якія выжылі падчас выбуху), помнікі прыбіралі штогод. Практычна ва ўсіх ваявалі бацькі або дзяды, таму тлумачыць неабходнасць такіх дзеянняў не было патрэбы. Чарговы суботнік прызначылі на 26 кастрычніка 1959 года.

Паводле адной версіі, раніца была добрая, ясная, хоць ужо і падмарозіла. Паводле іншай, было пахмурна. Як бы там ні было, да помніка сярод іншых выправіўся і чацвёрты клас школы са сваёй кіраўніцай Марыяй Герус. Дзецям даверылі высадзіць бярозы і рабіны каля стэлы.

Вучні чацвёртага класа маладушанскай школы і іх класная кіраўніца Марыя Герус. Фота: zviazda.by

Раптам адзін з хлопчыкаў заўважыў у зямлі нешта незвычайнае. Паводле адной версіі, ён закрычаў: «Скарб!» Паводле іншай — «Золата!» Іншыя відавочцы сцвярджалі, што ён паспеў сказаць: «Глядзіце, што я знайшоў! Тут нейкія ручкі і нешта бліскучае. Можа, гэта скарб?» Зразумела, што праз даўнасць гадоў перадаць дакладную фразу ўжо нерэальна — ды і наўрад ці яе хтосьці памятае. Але сэнс зразумелы: дзеці вырашылі, што знайшлі скарбы.

Знойдзены прадмет быў падобны да кавалка бетону. Дзеці яшчэ не ведалі, што гэта нямецкая супрацьтанкавая міна.

Вакол прадмета пачалі збірацца аднакласнікі. «Я таксама падышоў, убачыў нейкае вечка з ручкамі, а пасярэдзіне нешта бліскучае. Усе загаварылі, што гэта можа быць скарб», — успамінаў Павел Мядзведзеў.

Павел Мядзведзеў, які выжыў пасля трагедыі ў вёсцы Маладуша Рэчыцкага раёна. Фота: gp.by

Настаўніца зрэагавала імгненна — з крыкам «Не чапайце!» яна кінулася да іх. У педагога былі падставы для страху: за некалькі гадоў да гэтага муж з жонкай, якія жылі ў той жа вёсцы, везлі на быках лес для будаўніцтва дома. Наехаўшы на міну, яны загінулі. Іх дачка засталася сіратой, яе выхоўвала бабуля. Дзіця трапіла ў клас Марыі Герус — і, на няшчасце, паўтарыла лёс сваіх родных.

Класная кіраўніца не паспела дабегчы да знаходкі: хлопчык ударыў па прадмеце рыдлёўкай, трапіўшы па выбухоўніку.

Выратаваліся ўсяго чацвёра

«Мне з аднакласніцай Таняй Новік незразумела чаму стала нецікава [глядзець на знаходку], і мы адышлі за помнік, на свае ўчасткі, капаць ямкі пад дрэвы, — успамінаў Павел Мядзведзеў. — І тут выбух. Мяне аж хваляй адкінула. Паглядзеў на неба, а на электраправадах парэшткі аднакласнікаў віселі: скура, вантробы».

Паводле мужчыны, ён убачыў і сваю настаўніцу. Марыя Піліпаўна, яшчэ жывая, ляжала на клумбе, якую да гэтага праполвала. Нічога не сказаўшы, прыкладна праз пяць хвілін яна памерла. У яе засталося трое дзяцей. Сам Мядзведзеў не атрымаў ні драпіны. Аднак быў кантужаны, яшчэ гадоў 30 яго мучылі звон і гудзенне ў вушах.

Таццяна Лыгуз (Новік), якая выжыла пасля трагедыі ў вёсцы Маладуша Рэчыцкага раёна. Фота: zviazda.by

Тая самая Таццяна Новік (у шлюбе атрымала прозвішча Лыгуз) таксама расказвала, што фізічна не пацярпела — і нават не адразу зразумела, што адбылося. Пасля выбуху ад гуку і крыкаў яна аслупянела, а потым без думак і пачуццяў у стане шоку ўзяла сваю рыдлёўку і паплялася ўздоўж дарогі. Псіхалагічнай дапамогі яна тады не атрымала — пра яе неабходнасць у БССР ніхто не ведаў.

Горш давялося іх аднакласніку Мікалаю Шапавалаву. «Як міна выбухнула, мяне выбухной хваляй адкінула на агароджу помніка, [я за яго] зачапіўся і павіс на тканіне целагрэйкі», — успамінаў мужчына. У іншым інтэрв'ю ён расказваў яшчэ пра адну страшную дэталю. Яго вайсковую фуражку знайшлі за некалькі метраў ад агароджы — казырок быў быццам разрэзаны папалам. Пасля таго, што здарылася, хлопчык яшчэ доўга мог хадзіць толькі на мыліцах.

Да эпіцэнтра выбуху збегліся людзі. Павел Мядзведзеў успамінаў, як мама прыціснула яго да грудзей і не магла адпусціць, усё шаптала: «Сыночак мой, сыночак». «Я ў яе адзінае дзіця. Уяўляю, што яна перажыла, пакуль не ведала, жывы я ці не», — казаў мужчына.

Мікалай Шапавалаў, які выжыў пасля трагедыі ў вёсцы Маладуша Рэчыцкага раёна. Фота: zviazda.by

Трынаццаць яго аднакласнікаў загінулі. Гэта Любоў Варанько, Уладзімір Мануілаў, Ніна Новік, Валянціна Бурачонак, Любоў Клімовіч, Вольга Кавальчук, Валянціна Арцюшонак, Васіль Арцюшонак, Тамара Бурачонак, Віктар Бурачонак, Алег Блішч, Васіль Кавальчук і Таццяна Герус (цёзка класнай кіраўніцы — яе бацьку незадоўга да гэтага прызначылі старшынёй мясцовага сельсавета, і дзяўчынка толькі-толькі пераехала ў вёску, не паспеўшы адвучыцца і чвэрці).

Пасля выбуху выжыла ўсяго некалькі школьнікаў. У адным з матэрыялаў пра трагедыю згадваецца, што выратаваліся чацвёра дзяцей, але імя апошняга (акрамя згаданых Мядзведзева, Новік і Шапавалава) не названае. У іншым паўтараецца гэтая ж лічба, але названае імя — Тамара Масціцкая. У трэцім гаворыцца, што адной дзяўчынцы адарвала пальцы, а ў двух хлопцаў аскепкі міны захраслі ў шапках, але яны засталіся жывыя.

Помнік у вёсцы Маладуша Рэчыцкага раёна. Фота: zviazda.by

Апошняга з іх тэрмінова адправілі на аперацыю ў Рэчыцу. «Былі множныя аскепкавыя раненні жывата, ног, галавы. Адну нагу доўга збіралі. Чатыры гадзіны ішла аперацыя толькі на брушыне — 19 дзірак мне прабіла ў жываце аскепкамі. Чатыры месяцы пасля аперацыі не хадзіў. Далі спачатку інваліднасць, а потым ужо знялі. Нага дрэнна працавала. Каб распрацоўваць яе, бацька купіў мне ровар, і я навучыўся ездзіць», — расказваў Шапавалаў.

Жыццё пасля выбуху

Гібель дзяцей стала вынікам трагічнага збегу абставінаў. Таццяна Новік расказвала, што пасля выбуху ў вёску прыехалі сапёры: «Побач з помнікам, што мы тады прыбіралі, прыкладна за кіламетр, ёсць другі. Сапёры пасля выбуху ўсю мясцовасць прачэсвалі і знайшлі яшчэ некалькі супрацьтанкавых мін, у тым ліку каля другога помніка. Але яны не ўзарваліся раней, хоць там таксама іншы клас наводзіў парадак».

Фрагмент помніка ў вёсцы Маладуша Рэчыцкага раёна. Фота: dneprovec.by

Зразумела, што на размініраванне ўсёй тэрыторыі Беларусі не хапала кадраў і рэсурсаў. Але пасля той трагедыі яны адразу знайшліся. У той момант гэта дазволіла захаваць іншыя жыцці. Аднак калі б сапёры прыехалі ў вёску яшчэ пасля трагедыі з двума мясцовымі жыхарамі (мы расказвалі пра яе вышэй), дзеці маглі б застацца жывыя.

Жыццё выжылых склалася па-рознаму.

Таццяна Лыгуз (Новік) усё жыццё пражыла ў роднай вёсцы.

Мікалаю Шапавалаву яшчэ ў школе знялі групу інваліднасці. Ён паступіў у Мазырскае геалагічнае вучылішча, працаваў на нафтаздабычы. У 1986-м удзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Але праз шмат гадоў той выбух усё ж дагнаў яго: у пачатку 2000-х ён страціў адну нагу, потым — ступню іншай. У пенсіі за калецтва праз наступствы вайны яму адмовілі. Узімку ён жыве ў гарадской кватэры ў Мазыры, летам — у Маладушы.

«Без нагі цяпер. Спрабаваў дабіцца прызначэння пенсіі па калецтве ад наступстваў вайны. Дактары кажуць: без доказаў не маем права. Звярнуўся ў архівы — там нічога. Кінуў задуму. Сорамна даказваць, што гэта было з табой, калі адказваюць — не верым», — расказваў мужчына праз 50 гадоў пасля трагедыі, у 2009 годзе.

Павел Мядзведзеў скончыў Мінскі політэхнічны інстытут (цяпер БНТУ), 34 гады працаваў на Гомельскім радыёзаводзе. Станам на 2015-ы ён ужо 12 гадоў быў загадчыкам Навабеліцкага рынку ў гэтым горадзе. Цяпер мужчына ўжо на пенсіі — на гэтай пасадзе значыцца іншы чалавек.

А вось згадак пра лёс Тамары Масціцкай у адкрытых крыніцах мы не знайшлі.

Помнік у вёсцы Маладуша Рэчыцкага раёна. Фота: dneprovec.by

Цяпер ні школы, ні дзіцячага садка ў Маладушы няма. Дзяцей возяць на вучобу ў суседнія аграгарадкі. Ад будынка школы засталася толькі труба кацельні — некалькі апошніх дзесяцігоддзяў на ёй будуюць гняздо буслы. На месцы ж выбуху стаіць помнік салдату, які прыабдымае дзяўчынку-школьніцу. Нібы тая прыйшла яго наведаць, ды так і засталася побач.

Чытайце таксама:

Лукашэнка жыве ў сапраўдным магнацкім палацы

Іван Жалтоўскі — беларускі шляхціц, які стварыў «сталінскі ампір»

Хто і як знішчае гістарычны Брэст — расследаванне

Дзе пахаваюць Лукашэнку 

Nashaniva.com