У Мінску спрабуюць прадаць закінутую грамадскую прыбіральню, каб зрабіць з яе кавярню. Цана не сімвалічная

На аўкцыённай пляцоўцы «Белрэалізацыя» з'явіўся цікавы лот, заўважыла Blizko.by. Называецца ён «капітальны будынак (пад рэканструкцыю) з інвентарным нумарам 500/C-21341», але за гэтым індэксам хаваецца старая і даўно закінутая грамадская прыбіральня. 

16.03.2024 / 22:36

Прыбіральня плошчай у 59 квадратных метраў знаходзіцца ў цэнтры горада, на вуліцы Пуліхава. Яна была пабудаваная ў далёкім 1966 годзе і спраўна працавала каля 30 гадоў, пасля чаго закрылася і заняпала.

У 2010 годзе будынак купіла прыватная кампанія «Абсалютінвестбуд» і пачала рэканструкцыю, але яна ўрэшце так і не скончылася, будынак дагэтуль абгароджаны і накрыты дзяругамі.

Увосень 2023 года яго ўжо спрабавалі прадаць з аўкцыёну за 250 тысяч рублёў (78 тысяч даляраў), але таргі не адбыліся, бо ніхто не захацеў купляць прыбіральню ўзросту больш чым у паўстагоддзя па цане двухпакаёвай кватэры.

Цяпер стартавая цана значна зменшаная: 100 тысяч рублёў (ці 31 тысяча даляраў). Таргі адбудуцца 29 сакавіка.

Адзначана, што ўзгодненыя папярэднія праектныя прапрацоўкі з Камітэтам архітэктуры Мінгарвыканкама, прычым плошча аб'екта пасля планавай рэканструкцыі складзе каля 1000 квадратных метраў. Мяркуецца, што новы ўладальнік зробіць тут кавярню.

Чытайце таксама:

Арыштаваную самую буйную сонечную электрастанцыю Беларусі не змаглі прадаць, бо нікому не трэба

У Гродзенскім гарвыканкаме расказалі, чаму знеслі казарму XIX стагоддзя

Будынак былой слонімскай сінагогі набыў за бесцань расіянін

Nashaniva.com