«У калоніі напісала завяшчанне, думала, што не вытрымаю». Палітзняволеная з’ехала ў Варшаву і адкрывае школу танцаў
Тры гады ў калоніі за тры допісы ва «Укантакце» — такі прысуд атрымала Мія Міткевіч, менеджарка ў сферы культуры з Мінска. Згадваючы час у калоніі, былая палітзняволеная кажа: «Гэта было пекла. Я казала: лепш бы мяне катавалі на Акрэсціна, чым жыць тут». Некалькі месяцаў таму 32-гадовая Мія з’ехала ў Варшаву і хутка адкрые школу танцаў. Пра сваёй лёс яна распавяла «Нашай Ніве».
16.03.2024 / 10:00
Мія Міткевіч. Фота з асабістага архіва гераіні
12 кастрычніка 2020 года для Міі стаў тым днём, які, як гавораць, падзяліў жыццё на «да» і «пасля» — тады да яе прыйшлі з ператрусам.
— Ніколі не забуду гэты дзень і тое, што адчувала тады. Дома была толькі мая бабуля, якой 87 гадоў. Вы можаце сабе ўявіць, як яна спужалася?! Я знаходзілася на працы — у мяне было сваё івэнт-агенцтва. Я сустракалася з падрадчыкамі, праводзіла сход наконт далейшых нашых планаў. І тут раптам патэлефанавалі. Нават не мне, а майму калегу. Некалі даўно ў Life была акцыя, і я набыла адразу некалькі сімак — адна з іх была ў яго тэлефоне. Ён прыбег з іншага кабінета і крычыць: «Мія, здаецца, табе тэлефануюць з МУС!»
Узяўшы тэлефон, жанчына пачула: «Добры дзень, Мія Сяргееўна. Гэта оперупаўнаважаны Яўген Ніканенка. Тэрмінова прыязджайце дадому. У нас да вас ёсць пытанні».
Мія хутка пабегла. Яна здалёк пабачыла трох ціхароў побач з домам, яшчэ некалькі на паверсе. У кватэры таксама былі сілавікі.
Той самы Яўген Ніканенка прадэманстраваў жанчыне скрыншоты яе акаўнта ва «Укантакце».
— Ён спытаў, ці мая гэта старонка і ці пісала я гэтыя пасты. Я адразу пачала ад усяго адмаўляцца. Рэч у тым, што на пратэсты ў той час я выходзіла зусім у іншым горадзе. Думала, што білінг тэлефона будзе сведчыць на маю карысць. Адказала, што лічу, што маю старонку ўзламалі, а пра нейкія пасты я нічога не ведаю.
У гэты момант Мія зразумела, што не бачыць свайго сабаку і пачала хвалявацца.
— Я забягаю ў пакой і бачу, што яны зачынілі сабаку на балконе. Хацела яго крыху супакоіць, каб ён перастаў біцца ў дзверы, але да мяне падышоў адзін з ціхароў і пачаў крычаць: «Не адчыняй дзверы!». На «ты», з такой непавагай, быццам бы гэта я ўварвалася ў яго дом. Ён вёў сабе неадэкватна, пяць разоў паўтарыў адно і тое ж.
У Міі забралі ноўтбук і тэлефон. Жанчына кажа, што думкі ў яе былі не самыя аптымістычныя: яна разумела, што хутчэй за ўсё ў сілавікоў ужо ёсць і фота з пратэстаў, і тое, што яна пісала, яшчэ нават да 2020 года.
Потым некалькі месяцаў Мія была на волі. У студзені 2021 года да яе прыехалі зноў:
— На парозе з’явіўся той самы Ніканенка: «Ну што, Мія Сяргееўна, будзем прызнавацца ці паехалі ў ІЧУ?». Я адказала: «Паехалі». Калі мы выйшлі з пад’езда, ён пачаў пагражаць маёй сям’і. Я вельмі спужалася і сказала, што прызнаю віну.
На пытанне, ці не было жадання збегчы з краіны пасля ператрусу, Мія кажа, што, па-першае, улады аператыўна абмежавалі ёй выезд з краіны. Па-другое, яна верыла ў хуткую перамогу. Думала, што максімум у лістападзе ўсё скончыцца і тады, канечне, ніякай крымінальнай справы не будзе.
Міі інкрымінавалі распальванне сацыяльнай варожасці. Паводле матэрыялаў справы, яна «з мэтай узбуджэння варожых адносін і падрыву даверу да міліцыі на сваёй старонцы ва «УКантакце» 26 верасня, 3 і 10 кастрычніка 2020 года размясціла выяўленыя ў непрыстойнай форме паведамленні. У іх яна заклікала да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў АУС».
Фота з асабістага архіва гераіні
20 мая 2021 суддзя Алена Шылько вынесла прысуд Міі Міткевіч — тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Адбываць пакаранне яе адправілі ў папраўчую калонію №4 у Гомелі.
— Да мяне ўсё вельмі туга даходзіла. Ну як — туга? З улікам таго, праз якую мясарубку я прайшла — у мяне перыядычна не было магчымасці нават думаць. Я не ела і не спала, у мяне было фізічнае знясіленне, з-за якога я дрэнна цяміла.
У ПК №4 зняволеныя працуюць на прадпрыемстве, якое носіць сціплую назву «Дзяржаўнае прадпрыемства №4». Яго сайт сцвярджае, што гэта — «адзін з вядучых беларускіх вытворцаў спецыяльнага, рабочага і форменнага адзення», а таксама выхваляецца: «Нашы магчымасці, досвед і высокая якасць прадукцыі дазволяць супрацоўнічаць з любымі заказчыкамі».
Атрады падзелены: палова ходзіць на працу ў першую змену, палова ў другую. А праз тыдзень наадварот.
— Першая змена пачыналася а 7-й раніцы — у 6.40 трэба быць ужо на фабрыцы. У 14.30 змена заканчвалася — на фабрыцы званіў званок і мы ўсе строіліся на плацу. Потым была гадзіна ўмоўна вольнага часу. Але звычайна цябе выклікаюць у спецаддзел ці яшчэ кудысьці. У 16.00 гадзін праверка. У 16.30 — «Вектар» (прагляд навін, якія нам не паказвалі). Пасля вячэра і зноў «Вектар». Потым тэарэтычна вольны час, але зноў жа можа быць рознае — могуць паслаць на прамзону, дзе трэба нешта прыбраць.
Суразмоўца падкрэслівае, што найбольш жахлівыя ўмовы стваралі для тых, хто апынуўся ў калоніі менавіта ў 2021 годзе. Міі было забаронена вучыцца, як іншым асуджаным, наведваць нейкія забаўляльныя мерапрыемствы ў клубе, займацца ў спартыўнай зале. Ёй дазвалялі толькі бываць у бібліятэцы і ў санчастцы і толькі ў суправаджэнні старшыні або загадчыка гаспадаркі.
Мія гаворыць, што яе пастаянна трэціравалі, а стаўленне было як да жывёлы.
— У нейкі момант я зразумела, больш не вытрымаю. Прыйшла да начальніка калоніі, паклала яму на стол сваё завяшчанне і сказала: «Візіруйце і адпраўляйце натарыусу».
Гэта было за два месяцы да майго вызвалення. Два гады я праходзіла сапраўднае пекла, без перапынку. Я казала, што лепей бы мяне катавалі на Акрэсціна. Лепш фізічны гвалт, чым ПК №4 Гомеля. Жаночая калонія не ідзе ні ў якое параўнанне з мужчынскай.
Мія кажа, што толькі пасля гісторыі з завяшчаннем яе нарэшце пакінулі ў спакоі.
Два месяцы таму жанчына пераехала ў Варшаву. У хуткім часе яна адкрые ўласную студыю танцаў — бальныя, джаз-мадэрн і класіку. Першы занятак запланаваны на 20 сакавіка.
— Дапамагае мне асацыяцыя палітзняволеных, у прыватнасці, Іна Шырокая, а таксама Яўгенія Доўгая, заснавальніца праекта «Палітвязынка».
Пакуль Мія плануе выкладаць танцы самастойна, але спадзяецца пазней набраць педагогаў і займацца ўжо арганізацыйнымі пытаннямі.
— Таксама хачу зняць фільм. У мяне ёсць адзін праект, які я рыхтавала яшчэ ў Беларусі. Завецца ён «Староннія» — у аснове містыка і славянская міфалогія. Буду займацца любімай справай.
Чытайце таксама: