Грошы на надмагільны помнік памерламу за кратамі Ігару Ледніку сабралі за чатыры дні
На платформе «Байсол» у пачатку тыдня аб'явілі збор на ўсталяванне помніка на магіле палітвязня з Барысава Ігара Ледніка. Пра смерць за кратамі гэтага праваабаронцы, грамадскага і палітычнага дзеяча стала вядома 20 лютага. Збор на помнік адкрыў сын нябожчыка.
15.03.2024 / 09:42
Тры гады зняволення (а па факце смяротны вырак) Ігар Леднік атрымаў ад суддзі Таццяны Шоцік за свае крытычныя публікацыі. Ён стаў пятым палітычным вязнем, які памёр у турме.
Ігар Леднік нарадзіўся 12 снежня 1960 года ў Менску. Ён атрымаў вышэйшую тэхнічную адукацыю і ў пачатку 1990 гадоў быў заснавальнікам і кіраўніком камерцыйных прадпрыемстваў «Ясон» і «Ліма». Ігар адным з першых у Беларусі стаў абаронцам правоў прадпрымальнікаў — ён быў ініцыятарам стварэння Каардынацыйнай рады па інтэлектуальнай уласнасці і каардынатарам праваабарончага руху «Наша Беларусь», намеснікам дырэктара «Цэнтра абароны правоў уласнасці, кіраўнікоў і прадпрымальнікаў». Ён таксама далучыўся да партыйнага руху — быў сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, публікаваў публіцыстычныя артыкулы ў Беларусі і за мяжой.
Ігар Леднік быў затрыманы 12 красавіка 2022 года. Яго абвінавацілі ў паклёпе на Лукашэнку і асудзілі на тры гады калоніі. Паводле матэрыялаў справы, Леднік прадставіў для публікацыі ў адзін з часопісаў артыкул з загалоўкам «Міжнародна прызнаны нейтралітэт Беларусі — гарантыя бяспекі ў рэгіёне АБСЕ». У ім нібыта ўтрымліваліся «заведама лжывыя звесткі, якія ганьбяць і зневажаюць гонар і годнасць Лукашэнкі, злучаныя з абвінавачаннем у асабліва цяжкіх злачынствах, у тым ліку супраць бяспекі чалавецтва».
Свой тэрмін палітвязень адбываў у Бабруйскай калоніі №2. У чэрвені 2022 года ягоная адвакатка паведаміла, што стан здароўя палітвязня пагоршыўся, Ігар знаходзіўся ў санчасці следчага ізалятара ў ляжачым стане. У ліпені стала вядома, што актывісту зрабілі аперацыю на страўнікава-кішачным тракце.
Прычынай смерці палітвязня стала спыненне сэрца. Медыкі спрабавалі яго рэанімаваць, аднак беспаспяхова. Ігар Леднік памёр у турэмным шпіталі ў Калядзічах, куды быў планава дастаўлены з бабруйскай калоніі №2, дзе адбываў тэрмін.
Па стане на раніцу пятніцы сабрана 2015 еўра з неабходных 2000 еўра.
Дадаткова падтрымаць збор можна па спасылцы, але ні ў якім разе не варта данаціць з беларускіх ці расійскіх картак.
Чытайце таксама:
«Пастаўце чарку на магіле мне». Сын памерлага палітвязня Ледніка пра апошнюю размову з бацькам
На развітанне з памерлым у няволі Ігарам Леднікам прыйшлі 10 чалавек
Што вядома пра памерлага палітвязня Ігара Ледніка
Былы палітвязень: Ігар Леднік казаў мне, што хутчэй за ўсё памрэ ў калоніі