«Я проста ў ах*і». Памятаеце відэа пра стан дарог у Гомельскай вобласці? Пракуратура завяла крыміналку на дарожнікаў
Пасля скаргаў у інтэрнэце на ямы на трасе «мяжа РФ — Гомель — Кобрын» і больш за 26 аварый пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу.
13.03.2024 / 13:08
Скрын відэа з трасы М-10
Пракуратура Рэчыцкага раёна па выніках праверкі, праведзенай для ўстанаўлення прычыны працяглага капітальнага рамонту ўчастка аўтамабільнай дарогі, узбудзіла крымінальную справу аб злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі па ч. 3 арт. 424 Крымінальнага кодэкса.
Падставай для праверкі сталі крытычныя выказванні грамадзян у інтэрнэце наконт шматлікіх ям на дарожным палатне і больш як 26 ДТЗ у сувязі з гэтым.
Згодна з матэрыяламі справы намеснік генеральнага дырэктара па будаўніцтве і начальнік службы па тэхнічным наглядзе за будаўніцтвам РУП «Гомельаўтадар», дырэктар філіяла дарожна-будаўнічага ўпраўлення №17 ААТ «Дарожна-будаўнічы трэст №2 г. Гомеля» з карыслівай і асабістай зацікаўленасці арганізавалі складанне заведама фальшывых афіцыйных дакументаў. То-бок рабілі рамонт на паперы.
У прыватнасці, паводле следства, яны ўнеслі ў іх недакладныя звесткі і запісы аб выкананні работ па капітальным рамонце ўчастка аўтамабільнай дарогі М-10 «мяжа Расійскай Федэрацыі (Селішча) — Гомель — Кобрын». Затым склалі і падпісалі акты выкананых будаўнічых і іншых спецыяльных мантажных работ за снежань 2023 года, а таксама даведкі аб кошце гэтых работ.
Падазраваных вінавацяць, што яны незаконна атрымалі з бюджэту больш за 3 млн рублёў.
Як піша пракуратура, капітальны рамонт аб'екта «Аўтамабільная дарога М-10 граніца Расійскай Федэрацыі (Селішча) — Гомель — Кобрын» выконваўся ў рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Дарогі Беларусі на 2021-2025 гады».
Траса М-10 стала вядомай у тыктоку пасля ўражвальнага відэа, якое паглядзелі больш за 800 тысяч разоў.
Чытайце таксама:
Лукашэнка паставіў задачу да 9 мая аднавіць дарогі ў краіне
«Легендарная яма. Дзед пра яе расказваў». У Маладзечне машына правалілася пад асфальт